Квіткі для вазочнікаў на выступ Ніка Вуйчыча каштуюць 920 тысяч рублёў
У красавіку 2016 года ў Мінску ўпершыню выступіць славуты Нік Вуйчыч — чалавек, народжаны без рук і ног. Яго выступ адбудзецца ў "Мінск-Арэне". Вуйчыч збірае ва ўсім свеце шматтысячныя залы, зараджаючы энэргіяй жыцця найперш людзей з фізічнымі абмежаваннямі.
Самыя танныя квіткі на выступ славутага аратара — 220 тысяч рублёў. Але, як піша "Комсомольская правда", інвалідам-вазочнікам давядзецца заплаціць у чатыры разы даражэй — 920 тысяч. І гэта яшчэ зніжаны кошт! Месцы для вазочнікаў адвялі толькі на ўзроўні партэра, і першапачатковы кошт квітка для іх складаў 1 млн 520 тысяч рублёў.
Кошты былі зніжаныя толькі пасля таго, як да журналістаў звярнуўся 24-гадовы гамяльчук Андрэй Антоненка, інвалід-калясачнік, які пакутуе ДЦП з дзяцінства. Хлопец купіў самы танны квіток. Але потым даведаўся, што яго не пусцяць на купленае месца, бо зона для вазочнікаў — толькі ў партэры. Андрэй кажа, што хадзіў на канцэрт гурта Linkin Park у "Мінск-Арэне", прычым без праблем прайшоў па звычайным квітку. Пры пенсіі ў 1,7 млн рублёў ён проста не змог бы купіць квіток за 1 млн 520 тысяч.
Дарэчы, арганізатары паабяцалі, што Андрэй Антоненка зможа трапіць на выступ Вуйчыча паводле ўжо купленага квітка.
Фота: kp.by