Латушка заклікаў ўшанаваць памяць Бандарэнкі хвілінай маўчання 13 лістапада
Павел Латушка заклікае зладзіць у Беларусі хвіліну маўчання ў памяць пра загінулага Рамана Бандарэнку.
"Я прыношу глыбокія спачуванні родным і блізкім Рамана. Гэта неверагодна горкая страта, і ўся краіна смуткуе з вамі.
Раман стаў новай ахвярай рэжыму, і гэта жахлівая трагедыя, бо дыктатура непазбежна падзе, а жыццё маладога прыгожага хлопца ўжо не вярнуць", — піша ён.
Латушка прапануе правесці хвіліну машчання па ўсёй Беларусі 13 лістапада ў 12:00. "На адну хвіліну спыніць машыны і падаць сігнал, устаць з-за стала ў офісе, з-за станка ў цэху, адарвацца ад тэлевізара і проста ўстаць, памаўчаць хвіліну і ўшанаваць памяць забітага", — заклікае палітык.
Святлана Ціханоўская прапануе выйсці ў гэты ж час у ланцугі памяці.
Раман Бандарэнка быў затрыманы і збіты ўвечары 11 лістапада невядомымі, якія прыехалі на "Плошчу перамен" зразаць бел-чырвона-белыя стужкі. Уначы яго ў стане комы прывезлі з Цэнтральнага РУУС Мінска ў лякарню. Высілкі лекараў не далі плёну — увечары 12 лістапада 31-гадовы мінчук памёр.
Пасля смерці Бандарэнкі на "Плошчы перамен" сталі збірацца людзі. Яны нясуць кветкі і свечкі, каб ушанаваць памяць загінулага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.