Лідскага фельчара асудзілі на тры гады, абвінаваціўшы ў блакаванні чыгункі
9 чэрвеня ў судзе Лідскага раёна абвясцілі прысуд былому фельчару хуткай дапамогі Алегу Краўцову. Яго вінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — у актыўных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342) і наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў злучэння (ч. 1 арт. 309).
Суддзя Максім Філатаў прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі, піша праваабарончы сайт "ВЯсна".
Краўцова затрымалі ў лістападзе 2020-га — нібыта ён абкручваў дротам рэйкі на чыгунцы, каб заблакаваць рух цягнікоў.
Перад гэтым яго затрымлівалі 8 траўня 2020 года — у будынку суда, куды ён прыйшоў падтрымаць свайго калегу Паўла Палейчыка. Тады абодвух медыкаў асудзілі на 7 сутак арышту, абвінаваціўшы іх у несанкцыянаваным мерапрыемстве — сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім.
На падтрымку затрыманых лідскіх фельчараў салідарныя беларусы за некалькі дзён сабралі 20 тысяч рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.