Літоўскія навукоўцы кансультуюць Беларусь наконт будоўлі АЭС у Астраўцы
Беларускія дзяржаўныя органы і спецыялісты атрымліваюць кансультацыі літоўскіх спецыялістаў наконт пабудовы Беларускай АЭС у Астраўцы. Пра гэта піша літоўскае выданне obzor.lt.
Пры гэтым у Літве да будаўніцтва станцыі ставяцца веьмі адмоўна. Літоўскі парламент нават прызнаў БелАЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы.
Спецыялісты Літоўскага інстытута энергетыкі кансультуюць беларускую службу ядзернай і радыяцыйнай бяспекі "Дзяржатамнагляд", якая адказвае за бяспеку БелАЭС. Літоўская ўстанова ўдзельнічае ў праекце кансультацый, які падтрымлівае Еўракамісія. Кошт гэтага праекта складае 3,5 млн еўра.
Кіраўнік лабараторыі бяспекі ядзернага абсталявання інстытута Яўген Ушпур кажа, што яны кансультуюць беларускіх спецыялістаў, як трэба правяраць прадстаўленыя расіянамі дакументы. Літоўскія спецыялісты спасылаюцца на тое, што такая дзейнасць неабходная, каб забяспечыць нагляд за беларускай ядзернай энергетыкай і яе рэгуляванне.
Здзіўленне выказаў кіраўнік парламенцкага Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Вітаўтас Бакас: "Для мяне гэта навіна. Літва лічыць гэтую АЭС не ўзгодненай з інтарэсамі нацыянальнай бяспекі, таму на ўсіх узроўнях мы павінны дамагацца таго, каб яна не функцыянавала".
Яму пярэчыць экс-кіраўнік Інстытута энергетыкі Юргіс Вілямас. На яго думку, літоўцы мусяць рабіць большы ўнёсак у беларускі праект, каб дамагчыся бяспекі АЭС.
"У нашых інтарэсах як мага больш бяспечная станцыя. Мы можам не закупляць электраэнергію з яе, дый не будзем, бо ёсць больш танныя альтэрнатывы. Аднак я лічу, што добра, што літоўскія спецыялісты кансультуюць беларусаў па пытаннях бяспекі. Бо гэта турбуе і нас", — заявіў эксперт.