Літва дэнансуе пагадненне аб супрацы з Беларуссю ў мытнай сферы

Мяжа Літвы, ілюстрацыйнае фота

Мяжа Літвы, ілюстрацыйнае фота

Літва дэнансуе пагадненне аб супрацы з Беларуссю ў мытнай сферы. Адпаведнае рашэнне ўхвалілі на пасяджэнні ўрада 25 верасня. Таксама Літва дэнансуе такое ж пагадненне з Расіяй.

Ініцыятыву выказала Міністэрства фінансаў, а ўрад падтрымаў.

"Улічваючы беспрэцэдэнтную ваенную агрэсію Расіі і яе саўдзельніцы Беларусі супраць Украіны, грубае парушэнне міжнароднага права, а таксама тое, што на практыцы трансгранічная гандлёва-эканамічная супраца з гэтымі дзяржавамі цалкам прыпыненая і немагчымая, мэтазгодна дэнансаваць пагадненні", — заявіла міністр фінансаў Гінтары Скайсце.

Літоўская мытня практычна спыніла супрацу з мытнымі службамі Беларусі і Расіі пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. Двухбаковыя пагадненні аб супрацы ў мытнай галіне, падпісаныя яшчэ да ўступлення Літвы ў Еўрасаюз, таксама не маюць больш практычнага значэння, бо мытная супраца падпадае пад выключную кампетэнцыю ЕС, кажуць ва ўрадзе Літвы.

Літоўскія органы накіруюць у Расію рашэнне пра дэнансацыю пагаднення — і праз паўгода яно страціць моц. У выпадку з Беларуссю пастановы ўраду Літвы пра дэнансацыю недастаткова. Гэтае рашэнне яшчэ мусяць ухваліць прэзідэнт і парламент Літвы.

Дамова аб супрацы ў мытнай сферы паміж Літвой і Беларуссю была падпісаная ў ліпені 1996 года ў Вільні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі