Лукашэнка 7 лютага сустрэнецца з Пуціным: "нейкі момант ісціны наступіў"
4 лютага падчас наведвання Добруша Аляксандр Лукашэнка анансаваў чарговыя перамовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
"Хутчэй за ўсё, 7 лютага мы сустрэнемся з прэзідэнтам Пуціным, — цытуе словы беларускага кіраўніка БЕЛТА. — Мы былі ініцыятарамі гэтых дачыненняў, ці нам іх ламаць".
Як вядома, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў снежні 2019-га. Гаворка ішла пра паглыбленне інтэграцыі Беларусі і Расіі, аднак ніякіх дакументаў падпісана не было. У гэтыя дні ў Мінску праходзілі антыінтэграцыйныя акцыі. Беларусь не здолела дамовіцца з расіянамі пра пастаўкі нафты, і яны былі спынены з 1 студзеня (здзяйсняюцца толькі пастаўкі кампаніямі Гуцарыева). Дамова пра пастаўкі прыроднага газу была працягнута толькі на два месяцы. Мяркуецца, што гэтыя пытанні будуць абмеркаваныя падчас сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.