Лукашэнка абвясціў 2016-ы Годам культуры ў Беларусі
2016 год у Беларусі абвешчаны Годам культуры. Адпаведны ўказ №522 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 28 снежня.
Указ, як перадае БелаПАН, прыняты з мэтай "аб'яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама падтрымкі творчых ініцыятываў".
Урад разам з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам павінен распрацаваць і зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў на гэты год. Яны павінны закранаць усе сферы дзейнасці — культуру вытворчасці і земляробства, культуру сямейных адносін і побыту, культуру ўладкавання населеных пунктаў.
Значная ўвага будзе надавацца таксама мерапрыемствам у сферы мастацкай культуры. Плануецца правесці шэраг імпрэзаў, звязаных са знакавымі для культуры Беларусі юбілейнымі датамі.
Фота: letopisi.org