Лукашэнка даручыў новаму міністру культуры заняцца Купалаўскім тэатрам

Лукашэнка даручыў новаму міністру культуры заняцца Купалаўскім тэатрам

19 лістапада падчас прызначэння новым міністрам культуры Анатоля Маркевіча, чалавека, які ў гэтай сферы ніколі не працаваў, Аляксандр Лукашэнка паставіў перад ім задачы. Найбольш падрабязна ён выказаўся пра сітуацыю з Купалаўскім тэатрам, з якога пасля звальнення гендырэктара Паўла Латушкі сышла большасць акцёраў.

Міністр павінен будзе "ўрэгуляваць сітуацыю" вакол Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Метады на сустрэчы не абмяркоўваліся. "Усё сыдзе, мы з вамі пойдзем — з улады, з жыцця, а гэтая агідная старонка застанецца на ўсё жыццё. Нацыянальны тэатр!", — абурана гаварыў Лукашэнка. Ён адзначыў, што "ўсё рабіў, каб ён [Купалаўскі тэатр] пераўтварыўся ў гэтую цукерку, у цацку".

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён "кантраляваў кадры, каб прыйшлі нармальныя, моладзь прыйшла". Але "прыйшоў адзін нягоднік" і ўсё сапсаваў. "Што здарылася з гэтай трупай?", — не разумее ён. Лукашэнка лічыць, што шэраг работнікаў тэатра скарысталіся сітуацыяй і на фоне пратэставых настрояў "заявілі пра сябе". А далей ён працягваў бэсціць Латушку: "каля карыта сёрбаў, рохкаў каля гэтага карыта не адно дзесяцігоддзе і "дыктатару" прыслужваў". Аляксандр Лукашэнка падазрае, што Павел Латушка даўно меў апазіцыйныя настроі, як і некаторыя акцёры. Ён не верыць, што яны сышлі з тэатру з-за сітуацыі з гвалтам у Беларусі.

"Вы павінны быць вытрыманымі, вы ж твар нацыі", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі