Лукашэнка — моладзі: За мяжой дадуць грошы, але не будзе пад нагамі сваёй зямлі
23 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка выступіў на Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што выпускнікі атрымалі добрыя веды і навыкі, здабылі прафесію і досвед грамадскай працы. "Цяпер вы ўжо дыпламаваныя спецыялісты. Перад вамі адкрытыя новыя далягляды. Першае працоўнае месца, сацыяльны статус вам гарантаваныя дзяржавай. А далёка не ўсюды такое стаўленне да маладых спецыялістаў", — цытуе прэс-служба словы Лукашэнкі.
Ён падкрэсліў, што сённяшняя ўрачыстасць — гэта важная падзея не толькі ў асабістым лёсе выпускнікоў, але і для ўсёй Беларусі. Нездарма яна праходзіць у Палацы Незалежнасці.
Беларускі кіраўнік заявіў, што моладзь — адзін з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі краіны, таму ёй не трэба баяцца складаных задач, а трэба ставіць амбіцыйныя мэты і ўвасабляць іх у жыццё. Ён звярнуў увагу на тое, што моладзь патрэбная Беларусі, бо тут яе дом. "Але калі хтосьці рызыкне паехаць за рубеж, за мяжу, мы не перашкаджаем гэтаму. Але вы павінны ведаць: лепш, чым дома, вам не будзе. Так, вам могуць даць больш грошай, пра якія чамусьці ўсе ў апошні час толькі і кажуць. Але памятайце: вам не дадуць самага галоўнага — у вас не будзе пад нагамі свайго кавалачка зямлі. А гэта дорага каштуе. І, ступіўшы ў сапраўднае жыццё, вы хутка гэта адчуеце", — сказаў Лукашэнка.
На Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў кіраўнік дзяржавы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і аб'явіў падзякі прэзідэнта выкладчыкам і выпускнікам ВНУ. Пасля заканчэння афіцыйнай цырымоніі гасцей свята чакала канцэртная і забаўляльная праграма.
На мерапрыемства было запрошаны больш за 270 гасцей, у тым ліку службовыя асобы краіны, кіраўнікі беларускіх дзяржаўных і прыватных ВНУ, выкладчыкі і выпускнікі з усіх абласцей.