Лукашэнка на хакейным турніры ўзнагародзіў сына (фота)
1 красавіка Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўзнагароджванні пераможцаў хакейнага турніру "Алімпійскія надзеі".
Пераможцам спаборніцтваў стала сталічная каманда "Грыфоны", у якой гуляе малодшы сын кіраўніка Беларусі Мікалай Лукашэнка. Гэтай камандзе Лукашэнка-старэйшы ўручыў залатыя медалі.
"Такія турніры праводзім таму, што гэта аматары: яшчэ маленькія, пачаткоўцы. Можа, яны і стануць калісьці прафесіяналамі ў гэтым ужо не толькі мужчынскім відзе спорту (жанчыны пачалі падціскаць ў хакеі). Раней правялі "Залатую шайбу", у якой прынялі удзел тысячы дзяцей розных узростаў. Мы далі магчымасць усім ахвочым і тым, хто любіць хакей, паказаць сваё майстэрства. У фінале "Залатой шайбы" тады перамагла каманда "Мядзведзь". У турніры "Алімпійскія надзеі" чатыры найлепшыя каманды тых спаборніцтваў ізноў скрыжавалі свае клюшкі. У "Грыфонаў" была магчымасць узяць рэванш за паразу ў "Залатой шайбе". Яны зрабілі гэта годна. Гледзячы на вас усіх, падумаў, напэўна, будзем хутка змагацца ў фінале чэмпіянату свету. Бо пасля завяршэння выступаў за нацыянальную зборную Антоненкі, Мезіна, Стася, Міхалёва — прорва. Вы — наша надзея і не толькі алімпійская", — перадае словы кіраўніка Беларусі яго прэс-служба.
Дарэчы, найлепшым нападнікам турніру стаў Данііл Пазнякоў з каманды "Мядзведзь", абаронцам — Аляксандр Яраховіч з "Алімпа", галкіперам — Мікіта Вольскі, а бамбардзірам — Мікалай Лукашэнка (абодва з "Грыфонаў").