Лукашэнка: Нам выказваюць падзяку і Украіна, і Расія, і Захад (відэа)
Па словах кіраўніка дзяржавы, наладжванне адносінаў з Захадам не звязанае з будучымі прэзідэнцкімі выбарамі.
Захад усвядоміў ролю Рэспублікі Беларусь у сістэме агульнаеўрапейскай бяспекі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, які 5 сакавіка сустракаўся з кіруючым складам органаў унутраных спраў.
Лукашэнка нямала гаварыў пра канфлікты каля мяжы з Беларуссю, пра адносіны нашай краіны з Захадам. Ён адзначыў, што апошнім часам Беларусь наведвалі "вельмі высокага ўзроўню прадстаўнікі заходніх дзяржаў". І на гэта "па-рознаму... рэагуюць". Як можна меркаваць, у Маскве.
"Мяне больш за ўсё засмучае тое, што некаторыя кажуць: гэта Лукашэнку на карысць перад выбарамі і гэтак далей, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Гэта абсалютна мяне не кранае. Галоўнае ў тым, што гэта на карысць нашай дзяржаве. Нам выказваюць падзяку і Украіна, і Расія, і Захад".
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікі Захаду наведваюць Беларусь "з вельмі прагматычнай мэтай" і ён іх "у гэтых адносінах падтрымлівае". Лукашэнка сказаў, што і лідары заходніх краін зразумелі, "што такое бяспека ў Еўропе" і ўсвядомілі магчымую ролю нашай краіны "ў гэтай сістэме бяспекі ў нашым агульнаеўрапейскім доме". У тым ліку і дзеля гэтага еўрапейцы гатовыя супрацоўнічаць з афіцыйным Мінскам, адзначыў кіраўнік дзяржавы
Нагадаем, нядаўна Беларусь наведаў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Эрык Рубін. Ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Было заяўлена, што Злучаныя Штаты лічаць важным працягваць працу над паляпшэннем адносінаў з Беларуссю, хоць паміж краінамі існуюць рознагалоссі, у прыватнасці, у пытаннях правоў чалавека.
Хто такі Эрык Рубін, які правёў перамовы з Лукашэнкам?
На сённяшняй сустрэчы Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь не мае да суседзяў тэрытарыяльных прэтэнзій, выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязкі і міжнародныя пагадненні.
На здымку: Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў вучэбны корпус факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі Беларусі. Фота: БЕЛТА і ria.ru