Лукашэнка: Не дапусцім ўцягвання роднай краіны ў бездань хаосу і разладу
З нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адзначаецца ў Беларусі 15 лютага, кіраўнік дзяржавы накіраваў зварот да ветэранаў вайны ў Афганістане. У ім адзначаецца, што тысячы нашых суайчыннікаў "жывым шчытом" сталі на шляху міжнароднага тэрарызму. І сотні беларусаў загінулі на гэтай вайне.
"Трывожныя выклікі сучаснасці штодня нагадваюць нам пра каштоўнасць міру і надаюць усё большую значнасць захаванню памяці аб мужнасці і гераізме нашых вайскоўцаў, — цытуе зварот Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы ніколі не забудзем аб подзвігу ветэранаў войнаў і лакальных канфліктаў, у якіх бралі ўдзел беларусы, і не дапусцім ўцягвання роднай краіны ў бездань хаосу і разладу".
Лукашэнка адзначыў, што нямала воінаў-інтэрнацыяналістаў і сёння працуюць, "дапамагаюць падтрымліваць стабільнасць і спакой у краіне".
Нагадаем, афганская вайна працягвалася з 25 снежня 1979-га да 15 лютага 1989 года. На ёй пабывалі больш за 32 тысячы беларусаў-вайскоўцаў савецкай арміі. 772 нашых суайчынніка з гэтай вайны не вярнуліся.