Лукашэнка не трапіў у Віцебск, бо “там можна атруціцца”

31 студзеня Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду па мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Еўрарадыё робіць здагадку, што ён ізноў прапясочыць чыноўнікаў за “Барысаўдрэў” — пасля леташняга візіту на гэтае прадпрыемства быў звольнены губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура. Прэс-сакратар наступнага губернатара Галіна Трафіменка ўпэўнівае нас: Сямён Шапіра з “Барысаўдрэва” не вылазіць:

“Першы час ён увогуле ездзіў толькі на “Барысаўдрэў”. А вось у гэты аўторак ён паехаў заадно на “Барысаўдрэў”, пасля — сустрэча з калектывам. А пасля яшчэ тры прадпрыемствы наведаў”.

Насуперак чаканням, Аляксандр Лукашэнка звяртае ўвагу на іншае дрэваапрацоўчае прадпрыемства:

“Чаму мы не ў Віцебску?!”

Гэта фраза, якую кіраўнік краіны шмат разоў паўтарыў падчас нарады, ужо стала інтэрнэт-мемам. Сустрэча з чыноўнікамі мусіла адбыцца на мадэрнізаваным “Віцебскдрэве”. Але вертыкаль у асобе старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца чарговы раз знайшла прычыну, каб зацягнуць тэрміны:

“Нізкая эфектыўнасць вентыляцыйнай сістэмы фармовачнага прэсу. Узровень фармальдэгіду першапачаткова перавышаў гранічна дапушчальную канцэнтрацыю ў пяць разоў. Цяпер перавышае ў два разы”.

З 2008 года ў мадэрнізацыю прадпрыемства ўкладзена 95 мільёнаў еўра. Абноўлены “Віцебскдрэў” абяцалі запусціць “калі не да 1, дык да 15 жніўня” 2013 года. А калі зразумелі, што не паспяваюць, чарговы дэдлайн прызначылі на 1 снежня. Вытворчасць быццам бы запушчаная. Але вось незадача: паводле слоў Косінца, яна атрутная!

— У цэху знаходзіцца без рэспіратараў цяпер не бясшкодна.

— Чаму мы не знаходзімся сёння ў Віцебску?

— Таму што ў цэху не бясшкодна будзе цяпер знаходзіцца!

— Таму што там можна атруціцца. Сядайце!

Спрабуем даведацца, ці сапраўды цэх мадэрнізавалі так, што там можна атруціцца. Але гендырэктар “Віцебскдрэва” ў Мінску, яго намеснік па вытворчасці адпраўляе да галоўнага інжынера, а галоўны інжынер адмаўляецца гаварыць з Еўрарадыё, ледзь толькі чуе пытанне:

“Прабачце, я не магу размаўляць. Я… Вельмі няма калі, ну!”

Па выніках нарады Лукашэнка мае намер вырашыць і некаторыя кадравыя пытанні. Верагодна, хутка ў атрутным цэху пачне працаваць Генпракуратура. Следчым даручана “разгледзець усе пытанні і падлічыць страты” ў межах крымінальнай справы. Мадэрнізацыя працягваецца.

Фота: news.21.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі