Лукашэнка — пра рэакцыю расіян: "Заўтра Трамп прыедзе... Што яны будуць рабіць?"
Падчас паездкі ў Добруш Аляксандр Лукашэнка анансаваў сустрэчу з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, якая найхутчэй адбудзецца 7 лютага. Паводле яго слоў, чакаецца сур'ёзная размова, "момант ісціны". Лукашэнка падкрэсліў, што наша краіна зацікаўлена ў сяброўскіх адносінах з Расійскай Федэрацыяй і без падману ("паабяцалі за 5 гадоў... вывесці нас на ўнутрырасійскія цэны... думаеце, што мы гэта забыліся?").
"Мы хочам проста шчырых, чыстых, празрыстых адносін, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Не хочаце — няхай скажуць нам пра гэта. І не крычаць: "Ах, Пампеа прыехаў. Заўтра Трамп прыедзе... Што яны [расіяне] будуць рабіць?".
1 лютага Беларусь наведаў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. "Наша партнёрства стала яшчэ мацней", — напісаў ён у Twitter пра свой візіт у нашу краіну, а таксама ў Казахстан і Узбекістан. У Добрушы Лукашэнка заявіў, што "перыяд холаду" ў дачыненнях з ЗША скончыўся. Паводле яго слоў, Беларусь наладжвае адносіны "з найвялікшай імперыяй — вядучай краінай свету". Пампеа, падкрэсліў Лукашэнка, убачыў "рэальную Беларусь", "нармальную краіну", а не тую, якую амерыканцам малявалі "адмарозкі".
Беларускі кіраўнік у чарговы раз заявіў, што наша краіна сама вызначае, якую праводзіць знешнюю палітыку. А кантактамі з ЗША ніяк не можа нашкодзіць Расіі. Аляксандр Лукашэнка прыгадаў пазіцыю Масквы па пастаўках энергарэсурсаў у Беларусь, якая яго абурае: "нас на калені спрабуюць паставіць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.