Лукашэнка пра рыбу: У ЕС маем пэўныя пазіцыі, але патрэбны новы канал
У панядзелак кіраўнік дзяржавы сустрэўся з кіраўніком Рэспублікі Карэлія Расійскай Федэрацыі Аляксандрам Худзілайненам.
Адным з галоўных пытанняў, якое абмяркоўвалася, з'яўляюцца прамыя пастаўкі вялікіх аб'ёмаў рыбы з Карэліі ў Беларусь. З такой прапановай звярнуўся да Худзілайнена Лукашэнка.
Ён адзначыў, што Беларусь мае патрэбу ў стабільным забеспячэнні патрэбнасцяў насельніцтва ў даступнай і якаснай рыбе і морапрадуктах. І Беларусь гатовая купляць яе ў Карэліі, але без пасярэднікаў.
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, з Карэліяй нашай краіне "прасцей дамовіцца". "Усё ж такі мы свае людзі, і нам не трэба было б ехаць у Еўрасаюз, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Там у нас ёсць пэўныя пазіцыі, мы адтуль атрымліваем рыбныя рэсурсы, і хай яны б працавалі. Але нам патрэбны вось такі магутны канал. Мы былі б вельмі зацікаўленыя ў гэтым, калі ў вас ёсць жаданне ў гэтым напрамку працаваць".
Фота — ria.ru, БЕЛТА