Лукашэнка прапанаваў пачынаць урокі ў школе не з 8-й, а з 9-й гадзіны
Пачынаць урокі ў школах не з 8-й, а з 9-й гадзіны раніцы прапануе Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі агучыў гэтую прапанову, выступаючы 7 кастрычніка перад новаабранымі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.
Ён паведаміў, што ўсцешаны наяўнасцю супрацоўнікаў ВНУ і школаў сярод новага складу Палаты прадстаўнікоў. На думку Лукашэнкі, яны дапамогуць удасканаліць сістэму адукацыі ў Беларусі.
У прыватнасці, ён прапанаваў, каб парламент перагледзеў час пачатку заняткаў у школе. Перанос заняткаў на гадзіну пазней кіраўнік дзяржавы патлумачыў так: "Гадзіну дзіцяці раніцай паспаць — гэта добрая справа".
"Усё адно ён раней увечары не засне. Як некаторыя настаўнікі кажуць: а 7-й раніцы прачнецца — раней ляжа. Успомніце сябе: часта вы раней клаліся спаць?" — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Як вядома, малодшы сын беларускага кіраўніка Мікалай акурат з'яўляецца вучнем шостага класа.