Лукашэнка — праваахоўнікам: Адзін за адным толькі хадзіць не трэба
У пятніцу, 10 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду па выніках дзейнасці праваахоўных органаў у 2016 годзе, а таксама па пытаннях аптымізацыі праваахоўнай і судовай сістэмаў. Кіраўнік дзяржавы ў сваёй прамове заклікае праваахоўнікаў не дубляваць функцыі, не дапускаць празмернай справаздачнасці. Ён хоча, каб была наладжаная максімальная скаардынаванасць дзеянняў. "Кампетэнцыя кожнага органа павінна быць як мага больш выразна сфармуляваная, каб не дапускаць падвойнага тлумачэння", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "па вялікім рахунку, адзін за адным толькі хадзіць не трэба".
Таксама Лукашэнка паставіў задачу па спрашчэнні дазвольнай сістэмы, яна павінна стаць больш таннай. Ён лічыць, што няправільна, калі "дзяржорган намагаецца зарабіць на сертыфікацыі прадукцыі ці выдачы ліцэнзій".
Таксама Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра тое, што аптымізацыя, скарачэнне праваахоўнага блока не павінна прывесці "да ўсплёску злачыннасці".