Лукашэнка: У браканьераў забралі больш за 300 км сетак (відэа)
У аўторак у кіраўніка дзяржавы праходзіць нарада, прысвечаная сітуацыі з паляваннем і рыбалоўствам.
У нашай краіне ў бліжэйшы час прымуць новыя правілы вядзення палявання і рыбалоўства. Яны цалкам выключаць магчымасці для правапарушэнняў у дадзенай сферы, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, новыя правілы не павінны "нанесці шкоду дзяржаве і забараніць гэтыя віды дзейнасці". Аднак яны "мусяць быць аднастайнымі для ўсіх, яснымі і зразумелымі, не пакідаць шчылін для нячыстых на руку", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы "Интерфакс-Запад".
Лукашэнка адзначыў, што яго ўражвае лічба "трафеяў" у барацьбе супраць браканьерства: амаль тысяча забраных стрэльбаў, больш за 300 кіламетраў браканьерскай сеткі, дзясяткі тон мяса дзікіх жывёлаў, 14 тон рыбы. Ён заявіў, што не будзе цярпець "інэртнасць праваахоўнікаў у гэтай сферы" і запатрабаваў навесці парадак.
Фота — bymedia.net