Лукашэнка прызнаўся, пра які падарунак марыць — 500 долараў
У пятніцу падчас наведвання Стаўбцоўскага раёна Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, пра які падарунак марыць — 500 долараў. Кіраўнік дзяржавы хоча, каб менавіта такі быў сярэдні заробак па краіне. "Гэта быў бы для мяне падарунак, я пра гэта мару", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.
Кіраўнік Беларусі ў апошнія месяцы неаднаразова заяўляў, што трэба зрабіць усё магчымае, каб сярэдняя зарплата дасягнула 500 долараў. Сёння ён падкрэсліў, што для гэтага трэба прыкласці вялізныя высілкі.
"Хто ў гэта не верыць — я шкадую", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, калі чыноўнікі, якія мусяць працаваць над гэтым пытаннем, не хочуць гэтага рабіць, з імі развітаюцца. "Чаго б нам гэта ні каштавала, мы будзем ісці да гэтай мэты", — сказаў кіраўнік Беларусі.
Як паведамляла Еўрарадыё, 30 снежня Лукашэнка наведаў у Стаўбцоўскім раёне Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў і заявіў, што бізнес павінен больш актыўна ўдзельнічаць у дабрачыннасці.