Лукашэнка: Пуцін ніколі не казаў пра ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі

БЕЛТА пачала публікаваць адказы Аляксандра Лукашэнкі на пытанні журналіста агенцтва "Блумберг". Адзін з адказаў закранаў незалежнасць Беларусі і адносіны нашай дзяржавы з Расіяй.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь не стане часткай Расіі, і расійскае кіраўніцтва ніколі не ставіла такое пытанне. Па яго словах, у Расіі шмат палітыкаў, якія думаюць па-імперску і хочуць бачыць Беларусь Паўночна-Заходнім краем. "На гэта мы даем канкрэтны адказ: мы не будзем Паўночна-Заходнім краем. Як і не будзем ніколі, як я гэта разумею, канфліктаваць з Расеяй!" — перадае БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.

Лукашэнка заявіў: "Сёння кіраўніцтва Расіі ніколі не ставіла наўпрост пытанне аб тым, што Беларусь павінна быць у складзе Расіі. Былі нейкія, ведаеце, намёкі ў мінулым, на што было вельмі жорстка адрэагавана з майго боку. Мы былі і ёсць суверэнная, незалежная дзяржава. Ёй і застанемся". Нагадаем, што ў 2002 годзе Уладзімір Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсці ў склад Расіі або як суб'ект федэрацыі, або шасцю абласцямі.

Па словах Лукашэнкі, апошні раз гэтую тэму яны абмяркоўвалі з Пуціным праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. Тады кіраўнік Расійскай Федэрацыі заявіў, што ім не трэба падпарадкаваць, захапіць якую-небудзь краіну, у тым ліку Беларусь.

Кіраўнік Беларусі лічыць, што Расія не будзе ваяваць супраць нашай дзяржавы: "Але я яшчэ раз падкрэсліваю: хто б ні прыйшоў да нас з мячом, той ад мяча і загіне. Мы будзем ваяваць супраць еўрапейцаў, амерыканцаў, расіян — каго заўгодна, калі яны паставяць перад сабой мэту заваяваць гэты кавалак зямлі, на якім павінны жыць беларусы".

Разам з тым Лукашэнка заявіў, што Пуцін не збіраецца аднаўляць імперыю, як гэта лічаць на Захадзе: "Няма ў Пуціна жаданні чаго-небудзь там захапіць. Ён сучасны чалавек і разумее, што ў цяперашні час гэта вельмі небяспечна".

Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што пасля ўкраінскіх падзей адносіны Беларусі з Расіяй ніяк не змяніліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі