Лукашэнка: Украіна здурнела, а Еўрасаюз вар'яцее
27 лістапада падчас сустрэчы з работнікамі 6-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску Аляксандр Лукашэнка зноў паабяцаў расказаць пра тое, што такое COVID-19. Відэа з гэтымі яго словамі з'явілася ў тэлеграм-канале @pul_1.
"Праз некаторы час мы даведаемся, што такое кавід, навошта, адкуль ён, — гаварыў Лукашэнка. — Я ж вам казаў, што пачнецца перадзел свету... Так і адбываецца. Не толькі ў нас... Успыхнула на Каўказе вайна, у Малдове вось што адбылося, здурнела ўвогуле наша Украіна, Еўрасаюз вар'яцее!".
Гаворка ідзе пра нядаўні вайсковы канфлікт у Нагорным Карабаху, пра перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Малдове праеўрапейскага палітыка Маі Санду. Што да Украіны, дык, відаць, Лукашэнка абураны падтрымкай Кіевам санкцый ЕС супраць афіцыйнага Мінска. А Еўрапейскі саюз рыхтуе трэці пакет санкцый, а сярод іх будуць і эканамічныя санкцыі.
Аляксандр Лукашэнка гаварыў медыкам, што "нам трэба выратаваць нашу краіну". "Таму нам цяпер трэба сабрацца, калі мы хочам захаваць краіну, калі мы нацыя, калі мы хочам, каб нашы дзеці не былі рабамі, — працягваў ён. — ...Сабрацца і перачакаць гэты перыяд... Зіма будзе няпростай. І невядома, як мы выйдзем з гэтай зімы. Кавід нам падасца кветачкамі...".
Як бачым, перспектывы зусім не радасныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.