Лукашэнка: "Я магу вам заўтра даць 1000 долараў"
Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся наконт сярэдняга ўзроўня заробку ў 500 долараў, які плануецца зрабіць у Беларусі ў 2017 годзе. У чацвер, размаўляючы з навуковымі і навукова-педагагічнымі работнікамі, кіраўнік дзяржавы заявіў, што 500 долараў "зарабіць можна". "Але тым не менш нам трэба павышаць жыццёвы ўзровень, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Сярэдні заробак у 500 долараў — гэта не завоблачная лічба. Папярэдне мне паведамілі, што мы ўжо ў снежні мінулага года мелі да 417 долараў сярэднюю зарплату па краіне (па краіне сярэдняя зарплата ў снежні 2016-га склала толькі 801 рубель, а гэта каля 400 долараў — Еўрарадыё). Засталося зусім няшмат, каб дасягнуць $500".
Лукашэнка сказаў, што ва ўрадзе ёсць скептыкі, якія не вераць, што можна дасягнуць такога ўзроўня заробку. Ім ён параіў пакласці партфелі і сыйсці. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі ён паставіў задачу, яна павінна быць выкананая. Ён упэўнены, што задачу можна рэалізаваць.
Кіраўнік Беларусі згадаў некаторых заможных жахароў краіны, якія "больш адпачываюць за год, чым працуюць". І ў гэты час працоўныя ў такога бізнесмена маюць толькі 350 долараў заробак. "Дык як ты можаш адпачываць на Сейшэлах ці Канарскіх астравах, а рабочым не плаціць? Таму гэта ніякі не папулізм, гэта жыццё нашых людзей. Як бы не было складана, усё ж такі людзі разумеюць сітуацыю. За гэта трэба ім плаціць. Шмат не прашу — 500 долараў. Вось трэба выйсці на 500 долараў а далей няхай людзі стараюцца, больш ціснуць не буду", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра тое, што ў Беларусі бясплатныя адукацыя і медыцына, нізкі кошт паслуг ЖКГ і аўтамабільнага паліва. "Я магу вам заўтра даць 1000 долараў, — кажа Лукашэнка. — Але — прыйшлі вучыцца ў школу — плаці, як на Захадзе; кінуўся ў навуку — плаці". Таму, падвёў вынік Аляксандр Лукашэнка, лепш у Беларусі не ламаць тое, што ёсць, а займацца ўдасканаленнем.