Лукашэнка заяўляе пра неабходнасць абароны інфармацыйнага поля
Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра неабходнасць абароны інфармацыйнага поля. Пра гэта ён заявіў, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасці.
“Гэта адна з найважнейшых умоў унутранай стабільнасці, а значыць, і незалежнасці”, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. Ён мяркуе, што свет “без межаў”, але і часам без маральных прынцыпаў фармуецца праз сеціва — сацыяльныя сеткі і месенджэры, з якіх карыстальнікі чэрпаюць навіны.
“На прыкладах асобных краін мы бачым, як дэмантаж дзяржаў пачынаецца з хаосу ў галовах грамадзян, з ігнаравання закона, з адмовы ад агульначалавечых нормаў жыцця. Сфабрыкаваныя навіны, ілжывыя арыенціры сталі галоўнай і дзейснай зброяй сучаснасці. З яе дапамогай знешнія гульцы ваююць чужымі розумамі і “ўзрываюць” грамадства знутры”, — перакананы Лукашэнка.