Лукашэнка зноў заявіў пра сярэдні заробак у 2017 годзе — 500 долараў
Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў пра сярэдні заробак беларусаў у 2017 годзе — 500 долараў. У сераду ён прызначыў новае кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта — Наталлю Качанаву (кіраўніцу) і Максіма Рыжанкова (першага намесніка). Падчас размовы з імі Лукашэнка анансаваў рэфармаванне (ці абнаўленне) Адміністрацыі. Таксама ён нагадаў пра сваё ранейшае даручэнне дасягнуць у наступным годзе ўзроўня сярэдняга заробку па краіне ў памеры 500 долараў.
"Яшчэ раз падкрэсліваю — 500$ у будучым годзе сярэдні заробак, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Пры ўсіх складанасцях, чаго б гэта ні каштавала. Ад гэтага мы нікуды не сыдзем. Таму давайце будзем працаваць у інтарэсах людзей, падтрымліваць іх".
Лукашэнка нагадаў пра свае іншыя патрабаванні: пазбаўленне ад залішніх праверак бізнесу, навядзенне парадку з нарматывамі ў розных сферах. Ён прапанаваў узмацніць адказнасць кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання за бяспечную працу на прадпрыемствах і "кантроль адпаведных пытанняў". "Мы зацвердзім іх [нарматывы]... давядзем да грамадства, і гэта будзе правіла, па якім мы павінны жыць", — сказаў кіраўнік дзяржавы Качанавай і Рыжанкову.