Львоў падрыхтаваў стратэгію абароны на выпадак нападу з боку Беларусі
Львоў / pixabay
Львоў распрацоўвае стратэгію паводзін на выпадак нападу з боку Беларусі, вынікае з публікацыі ў афіцыйным тэлеграм-канале мэра горада Андрэя Садовага. У Львове прайшла аператыўная нарада з удзелам вайсковага і грамадзянскага кіраўніцтва горада.
“Прагаварылі план абароны і сілы і сродкі, якія ёсць у падначаленні горада. Сітуацыя змяняецца, таму нашы абарончыя стратэгіі таксама маюць патрэбу ў зменах і абнаўленнях”, — піша Садовай.
Самай вялікай складанасцю, паводле слоў Садовага, з'яўляецца непрадказальнасць сітуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Па плане ў кожным раёне горада будзе створаны штаб абароны і праведзена дадатковая вывучка для чальцоў самаахвотніцкіх фармаванняў тэрабароны. Пераводзіць іх на цэладзённае дзяжурства пакуль не плануецца. Але, паводле слоў мэра, гэтае рашэнне можа змяніцца ў любы момант. Магчыма, рэзервовыя самаахвотніцкія батальёна будуць сфармаваны з працаўнікоў гарадской рады і камунальных прадпрыемстваў.
У горадзе фармуюць стратэгічны рэзерв прадуктаў на выпадак, калі будуць заблакаваны шляхі зносін. Апроч таго, ужо цяпер Львоў рыхтуецца да халоднай зімы і разглядае варыянты, як забяспечыць абаграванне без газу.
“Важна, каб ільвавякі ведалі, што горад у бяспецы”, — дадаў мэр.
Сёння ў МУС Украіны заявілі са спасылкай на дадзеныя выведкі, што ўдарных груп для нападу на Украіну з Беларусі не фармуецца. Аднак там засцераглі, што захоўваецца імавернасць правакацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.