Лябедзька з Манчэстэра: Ніхто тут нас не фінансуе, не дае грошы валізкамі

На пытанне ў рэпартажы Еўрарадыё “Што шукаюць за мяжой лідары беларускай апазіцыі?” першым адгукнуўся старшыня АГП Анатоль Лябедзька з Манчэстэра. Там зараз праходзіць з’езд Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі.

Еўрарадыё: Які сэнс і карысць ад вашай прысутнасці на гэтым з’ездзе?

Анатоль Лябедзька: Гэта адзін са складнікаў нашай працы — мы ж не на Марсе жывём, а на Зямлі і ў Еўропе. Натуральна, што палітычная структура, акрамя таго, што 90-95% намаганняў прыкладае да дзейнасці ўнутры краіны, разам з тым ёсць тое, што называецца міжнародным складнікам. І для нас вельмі важна мець такіх партнёраў, як Кансерватыўная партыя Злучанага каралеўства. Гэта краіна, якая ў значнай ступені вызначае палітычнае надвор’е на еўрапейскім кантыненце. Толькі ўчора ў мяне было каля 10 сустрэчаў з дэпутатамі парламенту і сябрамі ўраду — тымі, хто ўплывае на еўрапейскую палітыку. Таму тут мы вырашаем некалькі пытанняў: планы міжпартыйнага супрацоўніцтва і беларускі кантэкст — вельмі важна, каб Беларусь была ў міжнародным парадку дня. Калі нас там няма, то гэта азначае, што губляецца перспектыва для цэлай краіны, цэлага народа. Добра, што нас прымаюць, што адгукаюцца на беларускую праблематыку, і я задаволены сваім знаходжаннем у Манчэстэры.

Еўрарадыё: Вяртаецеся вы на радзіму і едзеце на сустрэчу ў які-небудзь райцэнтр — што адкажаце на пытанне шараговага мясцовага жыхара наконт карысці для яго ад вашай паездкі на Туманны Альбіён?

Анатоль Лябедзька: Вельмі проста адкажу. У нас ёсць праблема: Аляксандр Лукашэнка за 19 гадоў знаходжання ў Чырвоным доме меў толькі адну працоўную паездку ў Еўропу — у 1996 годзе па запрашэнні Францыі. І гэта велізарная праблема. Калі ў кіраўніцтва краіны няма кантактаў на такім узроўні, то губляе краіна: мы не атрымоўваем інвестыцый, у нас няма крэдытаў, да нас мала падарожнічаюць, а значыць у нашых гатэлях і кавярнях не пакідаюць еўра і долары, якія маглі пайсці ў бюджэт рэгіянальны. Гэта адбіваецца і на ўзроўні жыцця людзей. А вось прыход да ўлады прыхільнікаў дэмакратычных перамен стварае магчымасць таго, што ў той жа райцэнтр прыйдуць інвестыцыі, аблегчацца паездкі беларусаў за мяжу для навучання і працы. Да нас паедуць турысты, будуць пакідаць тут грошы. Карацей, гэта тычыцца кожнага!

Еўрарадыё: Справа за малым — прыйсці прыхільнікам перамен да ўлады, і адразу напрацаваныя вамі загадзя замежныя кантакты адчыняць нам усе дзверы на Захад?..

Анатоль Лябедзька: Так заўсёды бывае. На сённяшні дзень самая вялікая праблема Беларусі — адсутнасць свабодных і сумленных выбараў. Для таго, каб яны адбыліся, патрэбны і ўнутраны, і знешні ціск. Пакуль ўсе за межамі Беларусі кажуць, што без вырашэння праблемы палітычных вязняў мы наперад рухацца не можам. Я хачу, каб праз коску ўсе замежнікі казалі, што трэба правесці свабодныя і сумленныя выбары. Для таго, каб гэта адбылося, неабходна прыкласці пэўныя намаганні. Што я і спрабую рабіць зараз у Манчэстэры.

Еўрарадыё: Пра магчымасці замежных паездак: даволі шмат беларусаў маюць “шэнген”, але для паездак ў Вялікабрытанію трэба іх віза — пагаварылі б вы так, каб англічане ўвайшлі ў шэнгенскую зону і беларусам было прасцей туды трапіць!

Анатоль Лябедзька: Гэта пытанне зараз актыўна дыскутуецца на гэтым кангрэсе, дзе я зараз. Мяркую, такое бліжэйшым часам наўрад ці адбудзецца: брытанцы — еўрапейцы, але асцярожныя. Гэта тычыцца і міграцыйнай палітыкі, і тых жа віз. Пакуль у нас ёсць кантакты з брытанцамі — будзем ездзіць да іх па брытанскіх візах.

Еўрарадыё: Тут ніяк не могуць дамагчыся зніжэння кошту “шэнгена”, а вы там, можа, здолелі  дамагчыся выдачы беларусам бясплатных брытанскіх віз?

Анатоль Лябедзька: Гэта пытанне ўзнімалася ўчора падчас маіх шматлікіх сустрэч. Але выглядае на тое, што тут не будзе выключэнняў — трэба дабівацца, каб гэта рашэнне было прынятае ў Еўрасаюзе. І гэта абсалютна рэалістычна. Пытанне змяншэння кошту віз гатовыя разглядаць і ў Лондане, але ў фармаце ўсяго Еўрасаюза. Думаю, пад віленскі саміт (Усходняга партнёрства ў лістападзе. — заўв. Еўрарадыё) гэта пытанне трэба больш актуалізаваць — каб яго ставілі ўсе прадстаўнікі Беларусі. Незалежнага ад таго, якія структуры яны прадстаўляюць.

Еўрарадыё: Вы пісалі ў сацсетках, што для ўдзельнікаў Кангрэса — зніжкі на масаж. Скарысталіся?

Анатоль Лябедзька: У дыскусіях я не ўдзельнічаю, мне тут патыліцу ніхто не намыльвае, таму пачуваюся добра і патрэбы ў масажы не маю, не скарыстаўся. Але скарыстаюся досведам арганізацыі такіх мерапрыемстваў — нам толькі зайздросціць! Спадзяюся, што і ў Беларусі мы зможам арганізоўваць такія кангрэсы, з такой адкрытай дыскусіяй па ўсіх пытаннях. Пакуль жа ў нас нават атрымаць памяшканне для з’езду на адзін дзень — праблема. Скарыстаюся масажам у беларускіх умовах, а тут папрацую.

Еўрарадыё: Час пагуляць па горадзе ёсць, сутачныя далі на сувеніры?

Анатоль Лябедзька: Пакуль бачыў толькі той Манчэстэр, што вакол нашага гатэля. Што да сувеніраў, то ніхто тут нас не фінансуе, не выдавалі грошы валізкамі. Але тут у кулуарах можна атрымаць бясплатна шмат сувеніраў.

Фота: Алесь Пілецкі, Зміцер Лукашук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі