Лябедзька згодны саступіць сваю акругу Мілінкевічу. Але не зусім

У аб’яднаных дэмакратаў яшчэ засталіся “непадзеленыя” выбарчыя акругі, але яны плануюць падзяліць іх ў бліжэйшы час. Міхаіл Марыніч заклікае байкатаваць выбары. Станіслаў Шушкевіч вырашыць, ці браць удзел у выбарах, калі даведаецца склад выбарчых камісій. Наталля Машэрава чакае рэформы ўлады. А Анатоль Лябедзька згодны саступіць сваю выбарчую акругу Мілінкевічу.

Як стала вядома Еўрарадыё, у Аб’яднаных дэмакратычных сілаў да гэтага часу застаюцца выбарчыя акругі, дзе не вырашана, хто стане там “адзіным кандыдатам”. Так, не вырашана спрэчка ў Брэсцкай выбарчай акрузе паміж кіраўніком рэгіянальнай арганізацыі ПКБ і лідэрам гарадской суполкі БНФ. Падобная сітуацыя ў Барысаве. Там канкуруюць паміж сабой лідэр прадпрымальніцкага руху Віктар Гарбачоў і прадстаўнік прафсаюзнага руху Мікалай Пахабаў. На першым сходзе пераможцы не вызначыліся, і дэмакраты чакаюць паўторнага галасавання 9 сакавіка. А вось па выбарчых акругах у Магілёве, Асіповічах і Шклове мясцовыя апазіцыянеры нават не пачыналі вызначаць “мацнейшага”. Але сябра палітрады АДС, лідэр АГП Анатоль Лябедзька спадзяецца, што на бліжэйшых сходах усё вырашыцца і ўсе акругі падзеляць. І пераможа мацнейшы – той, хто прывядзе большую каманду на сход для галасавання.

Анатоль Лябедзька: “25-га палітычная рада прыняла адзіную працэдуру для ўсіх. Гэта – сходы. Адразу скажу, гэта не лепшая працэдура, я скептычна да гэтага стаўлюся, але рашэнне прынята, і яно вырашае гэтае пытанне. Хто мабілізаваў большую каманду ў сваю падтрымку, той і ёсць кандыдат”.

Метад выбару кандыдата з дапамогай каманды сяброў і аднадумцаў, якія пагадзіліся прагаласаваць за пэўнага чалавека, падаецца лідэру камуністаў Сяргею Калякіну правільным. Кажа, гэта паказчык таго, наколькі моцная ў кандыдата каманда.

Сяргей Калякін: “Калі роўныя ўмовы, а ў дадзеным выпадку ўмовы роўныя, і роўныя якасці ў кандыдатаў, то ў каго будзе больш моцная каманда, той і застанецца адзіным кандыдатам”.

Днямі Анатоль Лябедзька выступіў з ініцыятывай не пускаць у сталіцу розную палітычную “драбязу”, а аддаць Мінск палітычным “зубрам”. Без уліку таго, уваходзяць яны ў АДС ці не. Ён нават згодны аддаць “сваю” акругу, да прыкладу, Мілінкевічу. І пайсці на іншую.

Анатоль Лябедзька: “Я гатовы на гэта пайсці. Заяўляю абсалютна шчыра. Мне ўсё адно, па якой іншай мінскай акрузе, у прынцыпе, ісці”.

Але далёка не ўсе палітычныя “зубры” згодныя ня тое што скарыстацца шчырай прапановай лідэра АГП, але і ўвогуле ісці на выбары. Так лідэр БСДГ Станіслаў Шушкевіч сказаў Еўрарадыё, што ён і яго аднадумцы вырашаць, ці ісці на выбары, толькі тады, калі будзе бачна, хто ўваходзіць у выбарчыя камісіі.

Станіслаў Шушкевіч: “Калі гэта будзе такі фарс і такія камісіі, як былі раней, то ні ў якім разе не планую ісці. А калі будуць нармальныя камісіі, то планую”.

Канчаткова з гэтым пытаннем, кажа, яны павінны вызначыцца 16 сакавіка на паседжанні Цэнтральнай рады.

Міхаіл Марыніч прапануе байкатаваць выбары ў парламент. І не пойдзе на іх нягледзячы на тое, што яго клікалі ў АДС і прапанавалі выдзеліць выбарчую акругу без усялякага конкурсу.

Міхаіл Марыніч: “Я супраць правядзення выбараў ужо, калі не памыляюся, у чацвёрты раз па дзейным заканадаўстве. Гэта бессэнсоўна. Таму мяне здзіўляе, што палітычныя партыі ідуць на гэты крок”.

Не збіраецца ўдзельнічаць у выбарах і былая дэпутатка Наталля Машэрава. Кажа, пагадзілася б толькі ў тым выпадку, калі кардынальна змяніць усю структуру ўлады.

Наталля Машэрава: “Змяняць паўнамоцтвы парламенту, структуру парламенту патрэбна. Трэба ісці наперад і шмат чаго рэфармаваць у сістэме ўлады, каб яна працавала эфектыўна”.

Нягледзячы на тое, што памілаванне прэзідэнта зняло з яго судзімасць, былы палітвязень Андрэй Клімаў таксама не хоча балатавацца ў дэпутаты. Кажа, ён, як дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання, лічыць усе наступныя парламенты нелегітымнымі. Таму і балатавацца ў нелегітымныя дэпутаты не хоча.

Аднадумцы Мілінкевіча падзяліліся. Частка, якую ўзначаліў намеснік “адзінага” Віктар Карніенка, увайшла ў адзіны спіс. Зараз яны ў фармаце АДС праводзяць кампанію “За свабодныя выбары!” Але гэта тыя сябры руху, якія маюць “падвойнае грамадзянства” – уваходзяць і ў рух “За свабоду!”, і з’яўляюцца сябрамі іншых партый. І вылучаліся яны ў кандыдаты ад партый. Частка браць удзелу ў выбарах не будзе. Як і сам Аляксандр Мілінкевіч. Але ён будзе актыўна падтрымліваць сваіх калег па руху. Дзе -- увойдзе ў ініцыятыўную групу, дзе – стане даверанай асобай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі