Вольскі вярнуўся на беларускую сцэну на фэсце “Вольнае паветра” (фота)
Апошнія два гады музыка выступаў у Беларусі хіба што на карпаратывах, рэгулярна даючы для беларусаў канцэрты ў Вільні.
Забароны і адмены беларускіх канцэртаў гурта Лявона Вольскага “Крамбамбулі” тлумачылі ціскам уладаў і “чорнымі спісамі”. З’яўлення Вольскага вельмі чакалі, яго сэт выклікаў нават большую цікавасць, чым выступ хэдлайнераў фэста, немцаў “Feindrehstar”.
Вольскі выступаў на малой сцэне “Вольнага паветра” увечары 24 жніўня. Яго сэт доўжыўся не больш за 20 хвілінаў. Пад акампанемент флейты Паўла Аракеляна Вольскі сыграў “Сонца нам дапаможа” з супольнага праекта “Я нарадзіўся тут”, “Край ты мой, край”, трылогію пра складаныя стасункі Казіка і Юзіка і “Простыя словы” з “Народнага альбома”. А скончыўся выступ “Трыма чарапахамі”.
25 жніўня Лявон Вольскі і Павел Аракелян разам з астатнімі музыкамі “Крамбамбулі” выступяць на фэсце “Млын” у Дудутках.