"Любяць-та Паліну, а не барабаны!"
У сталічным "Мулен Руж" адбыўся вялікі канцэрт Паліны Рэспублікі з нагоды яе 20-годдзя. Паслухаць юную спявачку прыйшло больш за 500 чалавек.
Бітком набіты "Мулен Руж". Усе столікі і праходы занятыя маладымі людзьмі. Праціснуцца паўз іх да сцэны проста немагчыма. І ва ўсім вінаватая Паліна Рэспубліка. Яна сёння дае першы вялікі сольнік за сваю невялікую музычную кар'еру і святкуе 20-годдзе.
"Паліну можна назваць пераемніцай самых лепшых узораў беларускамоўнай музыкі, — перакананы арганізатар канцэрта, журналіст і рэдактар парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін. — Мы бачым, што ёсць попыт на музыку, створаную па-беларуску, ёсць попыт на шчырую музыку. І Паліна тут яскравы прыклад. У яе ёсць выдатныя тэксты, выдатная музыка. За спінай — выдатныя музыканты. І як мы бачым — свая публіка, якая расце з кожным днём".
Сям'я Паліны падчас канцэрта
Адкрываюць вечарынку старэйшыя калегі і сябры Паліны — гурт Bosae Sonca. Аўтары яскравых мінулагодніх альбомаў "Залаты" і "Адпусці" граюць напаўакустычны сэт з віяланчэллю і кахонам і, натуральна, кажуць шмат добрага пра Паліну.
"Паліна бярэ Палінай. Гэта такая натуральная артыстка, якой нічога не трэба выдумляць, як мне здаецца, — каментуе лідар "Босага Сонца" Алесь Кот-Зайцаў. — І вось калі Паліна пачынае нешта выдумляць, дадаваць нейкія барабаны ці штосьці яшчэ, на мой погляд, губляецца тая самая Паліна, якая сама сабой прываблівае публіку. Любяць-та Паліну, а не барабаны!".
Bosae Sonca
Немагчыма не пагадзіцца з Алесем! На сёння для беларускай музыкі Паліна перадусім — дзяўчына з гітарай. Прыгожая, рамантычная, арганічная, з добрымі вакальнымі дадзенымі і шчырымі песнямі пра каханне і пошукі сэнсу ў жыцці. Яе спробы выйсці за межы гэтага вобраза, "гурт за спінай" сапраўды падаюцца часам лішнімі і малаўцямнымі. Ці трэба гэта зараз, у 20, калі ты ўмееш казаць проста і зразумела?
"Адметнасць усёй цяперашняй музычнай сусветнай індустрыі ў тым, што за тэхнічнымі выяўленчымі сродкамі згубілася шчырасць, — разважае вядучы канцэрта, музыка і культуролаг Алег Хаменка. — Гэтая схема спрацоўвае зараз не толькі ў Беларусі — яна спрацоўвае ўсюды ў свеце. Такія эксклюзіўныя канцэрты зараз вельмі-вельмі патрэбныя. І людзі як раз на іх і ідуць, таму што наглядзеліся ўжо бліскучага шоў і голых артыстак. Усё. Гэта ўжо прайшло. І вось такі фармат, як аказваецца, не толькі патрэбны, ён неабходны".
Паліну чакаюць паўгадзіны. А яна носіць крэслы пад сцэнай, замест таго, каб выйсці прынцэсай, каб усе выдыхнулі: "Вось яна, самая сапраўдная артыстка і надзея беларускай музыкі". Але і без эфектнага выхаду Паліну любяць. Спяваюць яе песні на памяць, слухаюць кожны ўздых і на яе арыентуюцца.
"Проста яна цалкам аддаецца публіцы — гэта вельмі важна, напэўна, сёння, — тлумачыць "палінаманію" глядачка Іна. — І яна гаворыць ад сэрца і кранае такія тэмы, якія цікавыя ўсім. Яшчэ яна адраджае беларускую мову — гэта важна. Таму што толькі пасля яе песень, напрыклад, мне стала цікавая мая родная мова".
Паліна ў нейкім сэнсе — гэта Макс Корж. Толькі ў спадніцы. У беларускім, мінімалістычным і інтэлігентным маштабе. Без менеджменту, бабла, пэўных планаў ды істэрыі. Але, як бачым, за два гады маленькае "Графіці" змянілася на пампезны "Мулен Руж". Не дзіва, калі на прэзентацыю чаканага дэбютніка спявачкі, магчыма, давядзецца замаўляць КЗ "Мінск".