Макей: Беларусь хоча ўнесці праўкі ў дамову з Латвіяй пра малы памежны рух
Беларусь мае намер унесці шэраг правак у пагадненне з Латвіяй аб малым памежным руху.
Пра гэта ў інтэрв’ю польскай газеце “Dziennik gazeta prawna” заявіў міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей.
Макей: “Пасля пачатку працы дамовы з Латвіяй з’явіўся шэраг праблем, цяпер мы б хацелі ўнесці папраўкі ў гэтае пагадненне. Праблемы былі звязаныя з інтэнсіўнасцю транспамежнага руху”.
Дамова пра малы памежны рух з Латвіяй пачала дзейнічаць з 1 лютага 2012 года. З гэтага часу беларусы і латвійцы, якія жывуць у прыгранічнай тэрыторыі, атрымалі магчымасць без візы наведваць суседнія краіны, маючы толькі спецыяльны дазвол. Аналагічныя дамовы былі падпісаныя Беларуссю з Літвой і Польшчай, але дагэтуль не ратыфікаваныя. Адказваючы на пытанне журналіста, чаму не падпісваецца пагадненне з Польшчай, Макей адзначыў, што спачатку трэба вывучыць досвед з Латвіяй.
Макей: “Польскі бок нядаўна выступіў з прапановамі аб павелічэнні прапускных магчымасцяў існуючых пераходаў. Не хацеў бы, каб дамова прывяла да хаосу на мяжы. З іншага боку, разглядаем гэтае пытанне таксама ў агульным кантэксце нашых стасункаў”.
Фота — mfa.gov.by