Масавыя сексуальныя дамаганні да жанчын у Германіі — новы від тэрарызму?
У навагоднюю ноч каля 90 жанчын звярнуліся ў паліцыю нямецкага Кёльна ў сувязі з сексуальнымі дамаганнямі, як мяркуецца, з боку асобаў “арабскай ці паўночнаафрыканскай знешнасці”.
Паводле дадзеных паліцыі, у тую ноч каля гарадскога вакзала сабралася каля тысячы маладых мужчын. Яны, падзяліўшыся на групы, акружалі жанчын, рабавалі іх і падвяргалі сексуальным дамаганням. Вядома, што як мінімум адзін выпадак завяршыўся згвалтаваннем, паведамляе Deutsche Welle.
Некаторыя аналітыкі называюць гэтыя злачынствы новым відам тэрарызму і кажуць пра неабходнасць прымаць прынцыпова новыя меры. Канцлер Германіі Ангела Меркель запатрабавала даць жорсткі адказ на нападзенні на жанчын у Кёльне.
Палітолаг Андрэй Елісееў кажа, што для таго, каб рабіць якія-небудзь высновы, трэба дачакацца вынікаў дэталёвага расследавання паліцыі. А пакуль называць гэтыя злачынствы тэрактамі няправільна.
Паліцыя будзе змагацца з гэтым, як і з любымі іншымі злачынствамі, мяркуе палітолаг. Будуць павялічваць выдаткі на ўнутраную бяспеку. Будуць павялічваць колькасць паліцэйскіх і камер назірання, асабліва ў месцах, дзе збіраюцца мігранты, і на галоўных вуліцах гарадоў.
Акрамя гэтага, варта прымаць і асабістыя меры бяспекі. Не толькі жанчынам, але і ўсім варта быць пільнымі. У такіх месцах, як чыгуначныя вакзалы трэба звяртаць увагу на падазроных асобаў. У раёнах, дзе знаходзіцца шмат мігрантаў, трэба паспрабаваць не хадзіць без суправаджэння. Але гэта шараговыя парады, якія актуальныя ў любых сітуацыях.
Елісееў упэўнены, тое, што здарылася ў Кёльне, у Беларусі немагчымае.
“У нас няма такой колькасці ўцекачоў, якая ёсць цяпер у заходняй Еўропе. Таму падобных выпадкаў ні ў Беларусі, ні ў Расіі чакаць не выпадае”.
Тым часам 5-га студзеня на вуліцы Кёльна выйшлі сотні жанчын з патрабаваннем спыніць сексуальныя нападзенні, што адбываюцца на вуліцах горада. Некаторыя з пратэстуючых трымалі ў руках плакаты, якія заклікаюць канцлера неадкладна прыняць меры супраць гвалтаўнікоў, паведамляе ВВС.
Галоўнае фота: Telegraf-EPA