Маскі адмяняюцца? Лукашэнка запатрабаваў "не здзекавацца з людзей"
На нараду аб няпростай сітуацыі з COVID-19 у Беларусі ўсе чыноўнікі прыйшлі без масак / БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў прынятыя ў Беларусі меры па нераспаўсюджванні каранавіруснай інфекцыі. У прыватнасці, ён застаўся незадаволены ўзмацненнем жорсткасці кантролю за нашэнне масак у грамадскіх месцах. Абавязковы масачны рэжым дзейнічае ў краіне з 9 кастрычніка.
"Навошта вы здзекуецеся з людзей?" — цытуе Лукашэнку праўладны тэлеграм-канал. Такім чынам, кіраўнік дзяржавы, паводле дадзеных крыніцы, адрэагаваў "на размовы аб прымусовай вакцынацыі, штрафах за адсутнасць масак і анансаваных рэйдах міліцыі".
Пры гэтым Лукашэнка сказаў, што не супраць вакцынацыі, інакш не дамаўляўся б з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, "каб мы атрымалі гэты "Спутник".
"Я не магу забараняць вакцынаваць людзей, але і напружваць вы людзей не будзеце", — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.
Пры гэтым ён перакананы, што праціўнікі дзяржавы з-за мяжы распаўсюджваюць фэйкі пра сітуацыю з захворвальнасцю на COVID-19 у Беларусі і такім чынам "хочуць ускалыхнуць краіну".
Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч на нарадзе ў Лукашэнкі ацаніў сітуацыю з захворваннем на каранавірусную інфекцыю як "цалкам кантраляваную". Нагадаем, напярэдадні ведамства было вымушанае прыпыніць усю планавую меддапамогу ў паліклініках, таму што "паліклінікі ў асноўным працуюць як чырвоныя зоны". А некалькі дзён таму Піневіч казаў, што ў Беларусі пад COVID-19 перапрафіляваныя 32 тысячы бальнічных ложкаў (гэта траціна ўсяго ложкавага фонду). Тады ж ён казаў, што эпідэмічная сітуацыя застаецца "досыць сур'ёзнай... яна пакуль, на жаль, не спрашчаецца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.