Медвядчук хоча, каб Лукашэнка стаў пасярэднікам, ён з ім сустракаўся ў Сочы

Медвядчук хоча, каб Лукашэнка стаў пасярэднікам, ён з ім сустракаўся ў Сочы

Украінскі палітык, старшыня палітрады партыі "Апазіцыйная платформа — За жыццё" Віктар Медвядчук заявіў, што сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам не толькі ў Мінску, але і ў Сочы (у сярэдзіне лютага). Ён прапаноўваў беларускаму кіраўніку стаць пасярэднікам ва ўрэгуляванні дачыненняў Украіны і Расіі.

"Я мяркую, што Беларусь, як суседняя дзяржава, як славянская дзяржава... змагла б адыграць станоўчую ролю ў мірным урэгуляванні на Данбасе, гаварыў Медвядчук у эфіры тэлеканала "112-Україна" (ён з'яўляецца яго гаспадаром). — ...Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, з якім я сустракаўся ў Мінску і з якім я нядаўна сустракаўся ў Сочы, яшчэ раз пацвердзіў сваю пазіцыю наконт таго, што ён гатовы выступіць у якасці пасярэдніка ва ўрэгуляванні сітуацыі між Расіяй і Украінай, сітуацыі, якая склалася на Данбасе".

Віктар Медвядчук нагадаў, што, паводле сацыялагічных апытанняў, Аляксандр Лукашэнка мае вялізны давер украінцаў. І гэта таксама магло "адыграць станоўчую ролю ў пытаннях мірнага ўрэгулявання". Палітык адзначае, што ўкраінскія ўлады гэты "рэсурс" не выкарыстоўваюць.

Як інфармуе Радыё Свабода, амаль два тыдні на тэлеканале "112-Україна" у якасці перадвыбарчай рэкламы паказваюць інфармацыйны сюжэт пра тое, што ў Віктара Медведчука і Аляксандра Лукашэнкі аднолькавыя погляды на ўрэгуляванне сітуацыі на Данбасе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі