Мікалая Міхалькова дапытвалі ўсю ноч і адпусцілі
Кіраўніка бабруйскага вайскова-спартыўнага клуба "Патрыёт" Мікалая Міхалькова дапытвалі ўсю ноч і зранку адпусцілі. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў заснавальнік "Белага лёгіёна" Сяргей Бульба (Чыслаў).
"Міколу адпусцілі. З 19.07 учора — да раніцы сёння допыты, вобшукі —дом, лецішча, гараж — адпусьцілі. Але не факт, што не будуць спрабаваць па іншых артыкулах", — напісаў Бульба.
Як паведамлялася раней, 23 сакавіка Мікалая Міхалькова выклікалі ў бабруйскае КДБ, адкуль ён у той дзень не выйшаў.
Яго сына, Яна Міхалькова, затрымалі па справе аб падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў "масавых беспарадках". Таксама па гэтай справе былі затрыманыя некалькі іншых удзельнікаў і выхаванцаў клуба.
У каментары Еўрарадыё Мікалай Міхалькоў заявіў: "Мае выхаванцы клуба "Патрыёт" ні ў чым не вінаватыя, і ніякага дачынення да радыкальных арганізацый яны не маюць і не мелі. І ніякіх дурных думак у іх не было ў галаве нават. Гэта хлопцы, якія дзейнічаюць толькі ў прававым полі. Яны афіцэры ў большасці, і яны ведаюць, што такое вайсковы статут".