Міліцыянт, асуджаны на 11 гадоў турмы, заяўляе пра фальсіфікацыю справы
З такой заявай да журналістаў звярнуўся былы начальнік Клімавіцкага РАУС Аляксандр Арцёменка.
Ён асуджаны на 11 гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Арцёменка заяўляе, што яго крымінальная справа была сфальсіфікаваная, а цяпер адпаведныя інстанцыі ігнаруюць усе яго скаргі, перадае БелаПАН.
Нагадаем, у сакавіку 2013 года Барысаўскі міжгарнізонны ваенны суд прысудзіў Арцёменку да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ двух міліцыянтаў, якія праходзілі па яго справе, — да васьмі і дзевяці гадоў пазбаўлення волі. Суд, які праходзіў за зачыненымі дзвярыма, прыйшоў да высновы, што іх віна ў атрыманні хабару ў 500 тысяч долараў ад расійскага прадпрымальніка цалкам даказаная.
Асуджаны кажа, што можа пацвердзіць сваю рацыю з дапамогай некалькіх незалежных крыніц і дакументальна. Але суд нібыта не прымаў яго паказанні да ведама. Арцёменка сцвярджае, што ніякіх грошай ад грамадзяніна Расіі ён не атрымліваў, яго проста "падставілі".
Экс-міліцыянт кажа, што другі год спрабуе дамагчыся праверкі сваіх паказанняў і довадаў, аднак яму адказваюць, што ўсё ў дачыненні да яго была зроблена законна.
Фота — Reuters