"Мільярд прыбытку — гэта зашмат". Як студэнты вырашаюць, за каго галасаваць
Першы дзень датэрміновага галасавання, участак №637 адкрыўся менш за гадзіну таму. На ўваходзе група студэнтаў БНТУ ля плаката з кароткімі звесткамі аб кандыдатах абмяркоўвае, хто з іх больш варты голасу:
― Блін, і за каго галасаваць? Шэсць чалавек!
― Ну, вось іх прыбыткі тут напісаныя. Вось у гэтага мільярд.
― Занадта шмат.
― Шмат? Тады за гэтага галасуй. Беспрацоўны, прыбыткаў не мае.
― Гэта ўжо замала. Страшна за такога галасаваць.
― У гэтага вось 80 мільёнаў.
― Ну, вось ён можа быць. А гэта хто? Юрый.
― Губарэвіч. Гэта бел-чырвона-белы.
― Кацюха, за каго будзем?
― Ды якая розніца.
Участак №637 размешчаны ў Цэнтры грэка-рымскай барацьбы. Гэта ля праспекта Незалежнасці, зусім побач МКАД і адразу некалькі студэнцкіх інтэрнатаў БНТУ. Напярэдадні ў сацсетках з'явілася інфармацыя, што студэнтаў будуць масава зганяць на галасаванне. Тым, хто прыйдзе, нібыта дадуць 4 дні адпачынку, з пятніцы па нядзелю. Тых, хто адмовіцца нібыта не пусцяць у інтэрнат.
Ад агітацыйнага стэнда падымаюся на другі паверх, дзе знаходзіцца памяшканне з кабінкамі і скрынкамі, да яго вядзе звілісты калідор. Бачу дзесятак студэнтаў у калідоры, яшчэ амаль столькі ж мнуцца ля сталоў членаў камісіі. На хвіліну сядаю за стол назіральнікаў. Назіральнік адзін. Даведаўшыся, што я журналіст Еўрарадыё, ён нахіляецца да мяне і амаль шэпча на вуха:
"Я з руху "За Свабоду". Ужо гадзіну тут сяджу. А студэнты ідуць і ідуць. Я нават не паспяваю іх лічыць. Яны ідуць адзін за адным".
Сумнявацца ў словах назіральніка не прыходзіцца ― студэнты насамрэч галасуюць адзін за адным, амаль бесперапынна. Налічыўшы за паўгадзіны сотню чалавек збіваюся і кідаю гэтую марную справу. Старшыня участковай камісіі Анатоль Шабельнік гаворыць, што гэта для студэнтаў нармальна:
"У нас студэнты. Яны займаюцца ў першую і другую змену. Таму тыя, хто ў другую, ідуць галасаваць з 10 да 14 гадзінаў. А хто на другой змене, яны прыйдуць пасля 16 і будуць галасаваць да 19. Гэта 637 участак, тут выключна студэнты БНТУ. Ці сёлета больш студэнтаў на датэрміновым галасаванні, чым раней? Яны звычайна так галасуюць, гэта студэнты. Хочуць выхадныя".
Спускаюся на першы паверх да вахцёрш, яны кіруюць пропускам невялікіх студэнцкіх груп на ўчастак. Прапускаюць па 2-3 чалавекі, каб не ствараць чэргаў. Гавораць, што студэнты малайцы, галасуюць своечасова і дружна:
"У нас харошыя студэнты, усе галасуюць. Іх шмат, трэба каб усе паспелі. Вы яшчэ не бачылі, што тут у 10 гадзін рабілася, калі толькі ўчастак адкрылі. Чарга была. Яна і цяпер ёсць, але была яшчэ большая".
Нагаварыўшыся з арганізатарамі працэсу вырашаю задаць некалькі пытанняў удзельнікам. Але змястоўнай гутаркі чамусьці не атрымліваецца. Студэнты БНТУ ― людзі засяроджаныя на ўласных справах, дзеляцца думкамі неахвотна:
― Хлопцы, можна задаць вам некалькі пытанняў?
― Не, не трэба.
― Скажыце хаця б, навошта вы галасуеце датэрмінова.
― Выхадныя.
― Вам паабяцалі выхадныя?
― Так, чатыры.
― А сюды вы прыйшлі добраахвотна альбо неяк арганізавана, групамі?
― Добраахвотна.
Сыходзячы з участка на ганку сустракаю дзвюх дзяўчат. Яны ўжо прагаласавалі, абмяркоўваюць свой выбар:
― Я зусім нікога не ведала.
― Я таксама. Прагаласавала за бэнээфаўца.
― Навошта?
― А якая розніца.
― Ну так.
Датэрміновае галасаванне у Беларусі будзе працягвацца пяць дзён. У каментарыі Еўрарадыё старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што расклад заняткаў ― унутраная справа кожнай асобнай ВНУ. Яны могуць адмяніць іх і прапанаваць студэнтам выхадныя дні. У той жа час студэнт можа адмовіцца ад датэрміновага галасавання, не ехаць дадому і зрабіць свой выбар у дзень галасавання.