Мінабароны адмовілася адказваць Еўрарадыё, колькі каштуе парад на 3 ліпеня

Мінабароны адмовілася адказваць Еўрарадыё, колькі каштуе парад на 3 ліпеня

Міністэрства абароны адказала на афіцыйны запыт Еўрарадыё наконт прызначанага на 3 ліпеня 2017 года ваеннага параду. У запыце мы прасілі адказаць, колькі дакладна будзе каштаваць правядзенне і арганізацыя прызначанага на Дзень Незалежнасці параду і з якіх крыніц выдаткоўваецца неабходнае фінансаванне.

15 чэрвеня з Мінабароны атрыманы наступны адказ:

“Фінансаванне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем параду войскаў Мінскага гарнізона ў гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі) 3 ліпеня 2017 года, ажыццяўляецца ў межах сродкаў, выдзеленых Міністэрству абароны на бягучае ўтрыманне Узброеных сіл з рэспубліканскага бюджэту”.

Такім чынам, называць дакладную лічбу кошту параду Мінабароны не стала, хоць менавіта гэта і было галоўным пытаннем Еўрарадыё. Канстатуецца відавочнае: грошы — з рэспубліканскага бюджэту. Цікава тое, што першапачаткова грошы з бюджэту выдаткоўваліся Мінабароны на “фінансаванне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем параду войскаў”, а не на “на бягучае ўтрыманне Узброеных сіл”. Гэта азначае, што сродкі на парад возьмуць з тых, што прызначаліся на заробкі вайскоўцам, іх матэрыяльнае і харчовае забеспячэнне, рамонт ваеннай тэхнікі і гэтак далей. Бо ў бюджэце на 2017 год няма асобнага артыкула па фінансаванні параду.

Пакуль апроч “фінансавання з рэспубліканскага бюджэту” пра парад вядома толькі тое, што ў ім, паводле словаў міністра абароны Андрэя Раўкова, возьме ўдзел да 220 адзінак ваеннай тэхнікі. І тое, што рашэннем Саўміна за подпісам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова вызначана, хто будзе дапамагаць Мінабароны рыхтаваць ваенную тэхніку да параду. Так, тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам гусенічных шасі займаецца вытворча-гандлёвае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Мінатор-сервіс”, а калёсных шасі — Мінскі завод колавых цягачоў. Неабходныя эмалі набываюцца ў адкрытага акцыянернага таварыства “Лакафарба”, а чорны бітумны лак — у акцыянернага таварыства “Белхім”.

Колькі ўсё гэта будзе каштаваць, таксама не паведамляецца. Затое вядома, што ніякага тэндару на набыццё пералічаных тавараў і паслуг не праводзілася.

Нагадаю, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў загад не эканоміць на арганізацыі ваеннага параду з нагоды Дня Незалежнасці і зрабіць яго “максімальна відовішчным”.

“Калі ўжо мы вырашылі праводзіць парад, ён павінен быць сапраўдным парадам, які ўражвае, для гэтага ж і праводзіцца. Гэта ж дэманстрацыя, мы паказваем людзям, што мы не дарма ядзім хлеб ваенны”, — сказаў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі