Мінэканомікі назвала галоўную прычыну рэцэсіі ў Беларусі
Паведамляецца, што ў крызісе вінаватыя знешнія фактары.
Міністэрства эканомікі апублікавала вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны па выніках першага квартала 2015 года. У аглядзе называецца галоўная прычына рэцэсіі, якая назіраецца ў краіне.
Зніжэнне валавага ўнутранага прадукту ў Беларусі сёлета тлумачыцца пагаршэннем знешнеэканамічнай абстаноўкі. Гэты фактар называецца асноўнай прычынай таго, што ВУП краіны ў 2015 годзе апынуўся ў адмоўнай вобласці, перадае БелаПАН.
Па звестках Мінэканомікі, станоўчы ўнёсак у ВУП сёлета забяспечылі будаўніцтва і гандаль. Але гэта не змагло кампенсаваць падзенне ў іншых сектарах эканомікі — прамысловасці, транспарце і сувязі.
Аднак жорсткія меры грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкі, на думку экспертаў Мінэканомікі, забяспечылі макраэканамічную стабілізацыю, назіраецца паляпшэнне збалансаванасці эканомікі.
Разам з тым у аглядзе звяртаецца ўвага на складаную сітуацыю ў рэальным сектары эканомікі. Паводле ацэнак Мінэканомікі, скарачэнне асноўных экспартных рынкаў разам з абмежаваннем унутранага попыту прывяло да скарачэння вытворчасці ў большасці галін прамысловасці.
Фота — reporterru.com