Мінэнерга пачынае абмеркаванне дакладу па адпрацаваным паліве БелАЭС
З 17 снежня 2018 года да 15 студзеня 2019-га ў Беларусі пройдзе грамадскае абмеркаванне Экалагічнага дакладу па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП) Беларускай АЭС. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
У дакладзе адзначаецца, што асноўнай краінай — пастаўшчыком паслуг і тэхналогій па абыходжанні з адпрацаваным палівам БелАЭС разглядаецца Расія. У Расіі плануецца перапрацоўваць АЯП і вяртаць адкіды ў Беларусь. Гэта прадугледжана ў міжурадавай дамове аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС. Гаворка ідзе пра адкіды, якія ўтрымліваюць радыёнукліды цэзіевай-стронцыевай фракцыі з выключэннем доўгажывучых радыенуклідаў.
Прапануюцца тры варыянты абыходжання з АЯП БелАЭС. Два з іх прадугледжваюць адпраўку апрамененых цеплавыдзяляльных зборак на перапрацоўку ў Расію (з улікам працяглага захоўвання ў Расіі або Беларусі), а трэці — з захоўваннем ў Беларусі без адпраўкі ў Расію.
Паводле міжурадавай дамовы паміж Беларуссю і Расіяй, адпрацавана ядзернае паліва павінна вяртацца ў РФ для перапрацоўкі. Таму доўгачасовае захоўванне АЯП на тэрыторыі Беларусі без перапрацоўкі супярэчыць гэтаму пагадненню.
Азнаёміцца з паведамленнем аб грамадскіх абмеркаваннях і зместам экалагічнага дакладу можна на інтэрнэт-сайце Міністэрства энергетыкі па гэтай спасылцы.
Заўвагі і прапановы па Экалагічным дакладзе можна дасылаць з 17 снежня 2018 года да 15 студзеня 2019 года ўключна ў інфармацыйны цэнтр Беларускай АЭС лістом або ў электроннай форме на адрас: 231201, Астравец, Гродзенская вобласць, вул. Усходняя 18а; адрас электроннай пошты [email protected], кантактны тэлефон (801591) 7 79 74.
Зацвердзіць праект стратэгіі абыходжання з адпрацаваным палівам БелАЭС плануецца ў I квартале 2019 года.
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 14.12:
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" за 14.12