Мінінфарм: За цытаты з “ганебных” артыкулаў kyky.org заблакуюць і ваш сайт
Даваць спасылкі на сайт, які праштрафіўся, таксама не варта, кажуць чыноўнікі.
Калі ў навіне пра блакіроўку kyky.org ставіць спасылкі на артыкулы, за якія яго заблакавалі, то можна таксама патрапіць пад абмежавальныя санкцыі. Бо ў такім выпадку СМІ, што дае такія спасылкі ці цытаты, займаецца тым жа, за што заблакавалі kyky.org. Гэтую акалічнасць тлумачыць Еўрарадыё намеснік начальніка упраўлення прававой і кадравай працы Мінінфармацыі Юры Бябешка.
Бябешка: “Калі вы будзеце даваць спасылку, то вы будзеце займацца тым жа самым (што і kyky.org — Еўрарадыё). Таму, не варта, напэўна, гэтага рабіць”.
Калі ж такая спасылка на артыкул з kyky.org ці нейкія цытаты з яго ўбачаць тыя, хто паскардзіўся kyky.org ў Мінінфармацыі, ці самі чыноўнікі міністэрства заўважаць, то такі рэсурс гарантавана атрымае папярэджанне.
Нагадаем, Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да сайта kyky.org. — адпаведнае паведамленне змешчанае 17 чэрвеня на афіцыйным сайце ведамства. Прэтэнзіі чыноўнікаў палягаюць у тым, што ў матэрыялах kyky.org ёсць "зняважлівыя выказванні" наконт дзяржаўнага свята — Дня Перамогі, грамадзян краіны, якія ўдзельнічалі ў яго святкаванні. Таксама ў матэрыялах kyky.org чыноўнікі знайшлі табуяваную лексіку, зняважлівыя, а часам і абразлівыя выказванні на адрас прадстаўнікоў пэўных сацыяльных груп, нацыянальнасцяў і рэлігійных канфесіяў.
Паводле Мінінфармацыі, гэта можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, у прыватнасці, “дасягненню збалансаванасці палітычных інтарэсаў грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў і дзяржавы, развіццю грамадзянскай супольнасці з улікам нацыянальных традыцый і асаблівасцяў”, а таксама “ўмацаванню духа патрыятызму” і “забеспячэнню гарманічнага развіцця міжнацыянальных і міжканфесійных адносінаў”.
Разблакаваць сайт могуць пасля выпраўлення знойдзеных парушэнняў заканадаўства – ўладальнік рэсурсу мае права пісьмова звярнуцца ў Мінінфармацыі з заявай аб аднаўленні доступу. Цягам месяца гэтая заява вывучаецца, факт выпраўлення парушэнняў правяраецца і прымаецца рашэнне па заяве.
Фота з архіву