Міністр транспарту: Траса М6 пасля рэканструкцыі стане платнай
Пасля рэканструкцыі траса М6 Мінск — Гродна — мяжа Польшчы (Брузгі) стане платнай. Пра гэта завявіў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак, інфармуе БЕЛТА.
Па словах чыноўніка, у апошнія гады была прынятая норма, што пасля рэканструкцыі дарогі становяцца платнымі. Гэта не датычыць толькі другой кальцавой дарогі.
Цяпер у нашай краіне прыкладна паўтары тысячы кіламетраў платных дарог. Да 2021 года, як мяркуецца, у Беларусі будзе 1786 кіламетраў платных дарог.
Плануецца, што з 2017-га па 2020 год рэспубліканскі бюджэт атрымае каля 817 мільёнаў рублёў ад збору платы за праезд па платных дарогах. Гэтыя грошы павінны пайсці на ўтрыманне, рамонт і развіццё аўтамабільных дарог.