Мінкультуры адсудзіла ў "Лідскага піва" амаль 8 мільёнаў рублёў
Гістарычныя будынкі на тэрыторыі завода
7 866 150 рублёў і 94 капейкі спагнала Міністэрства культуры з ААТ "Лідскае піва" праз эканамічны суд Гродзенскай вобласці, піша Hrodna.life.
На тэрыторыі завода ёсць будынкі, прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Міністэрства запатрабавала заплаціць за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на ахоўныя зоны з 2019 па 2022 год.
Напрыканцы лістапада 2022 года на "Лідскім піве" прайшла праверка Дзяржкантролю. Яна выявіла, што ў ахоўных зонах адбывалася прадпрымальніцкая дзейнасць. Каля будынка, які мае культурную каштоўнасць, з'явіліся дадатковыя збудаванні. А яшчэ там усталявалі ганкі, вентыляцыю, трубаправоды. У Мінкульце падкрэслілі, што ўсё гэта ўздзейнічае на гістарычныя будынкі.
У судзе прадстаўнікі "Лідскага піва" не адмаўлялі прадпрымальніцкую дзейнасць. Але казалі, што не даказанае ўздзеянне гэтай дзейнасці на зоны аховы.
Закон патрабуе плаціць за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць і зоны аховы. Пры гэтым у законе не гаворыцца, што гэтае ўздзеянне павінна мець негатыўны характар. Заплаціць трэба 5% ад прыбытку, атрыманага ў выніку дзейнасці, якая паўздзейнічала на гісторыка-культурную каштоўнасць.
Суд стаў на бок Міністэрства культуры. З "З Лідскага піва" спагналі не толькі запрошаныя амаль 7,4 мільёна рублёў, але яшчэ і ўпамільёна пені. Акрамя таго, прадпрыемства павінна заплаціць і судовую пошліну.
Піваварная кампанія "Лідскае піва" належыць фінскай кампаніі Olvi. Пасля пачатку вайны ва Украіне фіны хацелі прадаць завод і выйсці з бізнесу ў Беларусі. Аднак беларускія ўлады ўнеслі "Лідскае піва" ў спіс актываў, на продаж якіх замежныя ўласнікі павінны атрымліваць дазвол ва ўладаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.