Мінкультуры зацвердзіла праект зон аховы ўрочышча Курапаты

Міністэрства культуры Беларусі зацвердзіла праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці "Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій (1930-1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)". Адпаведная пастанова была прынятая 1 снежня мінулага года, у аўторак яе апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Яно з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю першай катэгорыі, інфармуе БЕЛТА.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, праект зон аховы распрацаваны для забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці, вызначэння межаў зон аховы і ўстанаўлення рэжымаў іх утрымання і выкарыстання. Фактычна гэта той жа праект, зацверджаны міністэрствам у 2004 годзе, але з ўдакладненнямі, дапаўненнямі, якія з'явіліся на працягу 10 гадоў. Плошча ахоўнай тэрыторыі не змянілася, адзначыў Чарняўскі.

У каментары БЕЛТА Ігар Чарняўскі адзначыў, што неабходнасць такіх мерапрыемстваў выкліканая сучаснай рэальнасцю для выразнага разумення, якія тэрыторыі не могуць быць выкарыстаны пад будаўніцтва. У прыватнасці, з боку вуліцы Мірашнічэнка плануецца будаўніцтва выставачнага цэнтра, неабходна было вызначыць асаблівасці дэталёвага плана зыходзячы з рэгламентаў праекта зон аховы.

Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўленая праектам дэталёвага планавання, яе плошча складае 26,3 га. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забаронена ўсялякае будаўніцтва, дазволена правядзенне археалагічных даследаванняў, выкананне работ па ўвекавечанні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Устаноўлена таксама ахоўная зона для ўрочышча Курапаты плошчай 37,2 га. На дадзенай тэрыторыі таксама забаронена ўсялякае будаўніцтва.

Дакументам вызначана зона рэгулявання будаўніцтва (38,1 га). Больш падрабязна пра гэта гл. тут.

Нагадаем, ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам у часы сталіншчыны былі расстраляныя савецкімі карнымі органамі дзясяткі тысяч (па іншых звестках — сотні тысяч) беларусаў. Праўду пра гэтае злачынства ўдалося абнародаваць толькі ў канцы 1980-х гадоў.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі