Мінскае "Дынама" стартуе ў асноўным раўндзе Лігі канферэнцый
Дынамаўцы ў Азербайджане
3 кастрычніка мінскае "Дынама" стартуе ў асноўным раўндзе футбольнай Лігі канферэнцый. Першым сапернікам беларускага клуба будзе шатландскі "Хартс". Дынамаўцы прымуць яго ў азербайджанскім Сумгаіце, пачатак у 19:45. Матч збіраецца паказаць у жывым эфіры тэлеканал СТБ (гэта будзе пірацкая трансляцыя).
"Хартс" з Эдынбурга на сённяшні дзень з'яўляецца аўтсайдэрам першынства Шатландыі. Мінскае "Дынама" — адзін з лідараў беларускага чэмпіянату.
"Дынама" згуляе шэсць матчаў. Іншыя сапернікі — дацкі "Капенгаген", фінскі ХІК, польская "Легія", "Панацінаікас" з Грэцыі і паўночнаірландскі "Ларн". Пасля гэтага этапу будзе сфармаваная агульная табліца з 36 клубаў. 8 найлепшых трапяць у 1/8 фіналу. Каманды, якія займуць 9-24 месцы, разыграюць яшчэ 8 пуцёвак.
Ліга канферэнцый УЕФА — трэці па значнасці футбольны турнір. Беларускія футбольныя клубы не гулялі ў асноўным раўндзе еўракубкаў з восені 2018-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.