Мінскае "Дынама" выйграла ў рыжскіх аднаклубнікаў — 5:3
13 снежня мінскае "Дынама" ў чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі выйграла ў гасцях рыжскіх аднаклубнікаў — 5:3 (2:0, 1:2, 2:1). Мінчукі ўпэўнена выйгралі першы перыяд (дзве шайбы на рахунку Андрэя Сцяпанава — 5-я і 19-я хвіліны, другая — у большасці), а ў другім раптоўна аддалі ініцыятыву і дазволілі гаспадарам пляцоўкі да 33-й хвіліны зраўняць лік. Праўда, ужо на 37-й Раян Веске кідком з вострага вугла выводзіць мінскае "Дынама" наперад.
Ключавы момант матчу адбыўся ў пачатку трэцяга перыяда, калі ў беларускай каманды было +2. І ўжо неўзабаве Мэт Элісан робіць лік 4:2. Не прайшло двух хвілін, як рыжане скарачаюць разрыў у ліку. Упартая барацьба працягвалася амаль да фінальнага свістка. Мінскія дынамаўцы так патрэбную ім перамогу не ўпусцілі. А на апошняй хвіліне Аляксей Калюжны закідвае шайбу ў пустую браму і ставіць пераможную кропку.
Пасля 41 матча беларускі клуб набраў 62 ачкі і займае 8-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Наступны матч мінскае "Дынама" правядзе 22 снежня ў Браціславе са "Слованам".
Фота: hcdinamo.by