Мінскінжпраект: Новыя ліўневыя калектары не выратуюць Мінск ад патопаў
Бо будуюць іх па нормах 70-х гадоў, якія дапускаюць патопы тры разы на год.
Загадчыца крамы “Рублёўскі”, што ля метро Няміга, Валянціна Раманаўна да штогадовых патопаў прызвычаілася. Тут былі гатовыя і ў гэтую нядзелю:
“Нас затапіла вельмі моцна гадоў шэсць таму. А цяпер, па-першае, мы застрахаваныя, па-другое, ёсць мяхі з пяском. Як толькі пачынае ісці вада, мы закрываем ралеты і закладаем іх пяском”.
У “Еўрааптэцы”, што ў адным будынку з “Рублёўскім”, таксама да стыхіі рыхтуюцца — калі дождж, там прыбіраюць лекі.
Праблему з падтапленнем раёна Нямігі, вуліц Інтэрнацыянальнай, Рэвалюцыйнай, Талстога, Свярдлова, Камсамольскай ды іншых быццам бы вырашыць калектар “Цэнтр” і “Няміга”. Здачу гэтага калектара пераносілі ўжо некалькі разоў. Цяпер абяцаюць у 2018—2020 гадах. Але нечакана “Мінскінжпраект” папярэджвае — падтапленні будуць і далей!
“Кошт — прыкладна 1,7 трыльёна рублёў, абсталяванне замежнае, айчыннага няма. Але ці варта гэта будаваць, калі патрэба ў калектары — два дні на год? Што ў астатнія дні? Кансерваваць? За што плаціць персаналу?” — пытаецца ў Еўрарадыё галоўны інжынер “Мінскінжпраекта” Уладзімір Котаў.
Да таго ж падтапляе сёння і новыя раёны, якія будаваліся не паўстагоддзя таму! Вунь Сухарава затапіла, перакрыжаванні вуліц Шаранговіча — Лабанка і Шырмы — Гарэцкага. Транспарт стаяў амаль тры гадзіны — і гэта не старыя раёны.
“Трэба разбірацца. Бывае, пасля будаўніцтва сеткі засмечаныя, бо выносіцца пясок, які асядае ў калектарах, і патрэбныя прафілактычныя работы. І рабіць гэта даволі часта, не так, як робіць горад”.
Галоўны інжынер “Мінскінжпраекта” кажа, што і новыя калектары не вырашаць праблему з кароткачасовымі падтапленнямі ў сталіцы. Бо будуюцца яны па… старых нормах. А нормы гэтыя дапускаюць перапаўненне калектара тры разы на год! А значыць, ад падтапленняў нікуды не падзецца.
“Гэтыя нормы дзейнічаюць з 70-х гадоў. Я прыйшоў працаваць 44 гады таму, і па гэтых нормах ужо працавалі. Нічога новага канкрэтна для нашай краіны ён не нясе. За актуальнасцю нормаў сочыць галіновая навука, але ў Беларусі такой навукі ніколі не было — яна была за СССР. Цяпер я сумняюся, што нешта ёсць. Гэта сусветная практыка, частка дажджавой вады ідзе на праезную частку, частка ў дажджавую каналізацыю. Усе так будуюць, гэта не калектараў віна”.
Па прагнозе “Белгідраметэацэнтра”, дажджы будуць ісці яшчэ тры дні, а на чацвёрты дзень пачнецца спёка.