Мінскія ўлады не дазволілі Марш Незалежнасці
Заяўку на яго падаваў рух "За Свабоду". Правесці акцыю меркавалася 14 траўня.
У каментары Еўрарадыё намеснік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч патлумачыў афіцыйную прычыну адмовы:
Губарэвіч: "У прыватнасці, там сказана, што распаўсюджванне інфармацыі пра дату правядзення мерапрыемства з'яўляецца парушэннем, на падставе якога можна адмовіць. Для нас такая падстава трошкі дзіўная. Не так даўно ў Мінску адбыліся два дазволеныя мерапрыемствы — акцыя на Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях. Іх заяўнікі інфармавалі праз СМІ, праз інтэрнэт, як і мы, аб даце гэтых акцый".
Ініцыятары Марша Незалежнасці мяркуюць падаваць яшчэ адну заяўку на акцыю. Па словах Губарэвіча, яе хочуць прымеркаваць да адной з важных датаў, звязаных з беланускай незалежнасцю.
Ініцыятары па-ранейшаму запрашаюць улады далучыцца да Маршу Незалежнасці і кажуць, што гатовыя падтрымліваць дзеянні ў абарону незалежнасці, а не словы.