Апазіцыйны палітык даслаў з-за мяжы ў ЦВК дакументы для ўдзелу ў выбарах
Юрый Губарэвіч
Апазіцыйны палітык Юрый Губарэвіч даслаў з-за мяжы ў ЦВК Беларусі дакументы (заяву, спіс ініцыятыўнай групы і г. д.) для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. "Фармальных абмежаванняў не маю. Крымінальныя справы заводзіліся, але ніводная з іх так і не была даведзена да рашэння суда, — піша Губарэвіч у Facebook. — Сабраць 100 тысячаў подпісаў сярод 300-500 тыcяч пакінуўшых Беларусь грамадзян лічу цалкам магчымым. Паглядзім, што далей будзе".
Між тым, ЦВК абмежаванні можа знайсці. Напрыклад тое, што ў апошнія гады палітык жыве за мяжой.
Юрыю Губарэвічу 46 гадоў. У Беларусі ён кіраваў рухам "За Свабоду" (у РБ ліквідаваны). У 2020-м збіраўся балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, але ў выніку зняўся. Пазней перад пагрозай рэпрэсій быў вымушаны з'ехаць за мяжу. Працуе ў Народным антыкрызісным упраўленні, якое ўзначальвае Павел Латушка, адказвае за рэгіянальнае развіццё.
Сёлета Следчы камітэт РБ распачаў крымінальную справу супраць "Кадравага рэзерву для Новай Беларусі". Удзельнікам ініцыятывы, якую курыруе Губарэвіч, інкрымінуюць "стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні".
Ініцыятыўныя групы для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах трэба зарэгістраваць да 1 лістапада. 7 лістапада — пачатак збору подпісаў. У ЦВК ужо паступілі дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
Прэзідэнцкія выбары прызначаны на 26 студзеня 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.