Мінздароўя Расіі: Забракаваныя лекі з Беларусі выведзеныя з абарачэння
Лекавыя прэпараты беларускай вытворчасці, у якіх знайшлі пабочныя часціцы і асколкі шкла, не выкарыстоўваліся для ін’екцыяў і былі выведзеныя з абарачэння. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу Мінздароўя Расіі.
У ведамстве таксама адзначаюць, што ў 2016-2017 гадах былі забракаваныя дзве серыі двух гандлёвых найменняў лекавых сродкаў вытворчасці РУП “Белмедпрэпараты” і 14 серый сямі гандлёвых найменняў лекавых сродкаў вытворчасці Барысаўскага завода медпрэпаратаў.
Інфармацыя пра вывядзенне з абарачэння недабраякасных беларускіх лекаў з’явілася ў расійскіх СМІ 5 траўня. У Мінздароўя Беларусі адзначаюць, што гэтая інфармацыя некарэктная. Паводле ведамства, серыю прэпарата выпусцілі ў снежні 2014 года і паставілі ў Расію ў студзені 2015 года. Сёлета, калі ў ім знайшлі “механічныя ўключэнні”, прэпарат ужо два гады быў на рынку Расіі з шырокай сеткай дыстрыб’ютараў, якія яго перавозілі і захоўвалі. Пры гэтым беларускі бок настойвае, што лекі выраблялі ў адпаведнасці з дзеючым рэгламентам і тэхналагічнымі інструкцыямі.
Як паведамілі TUT.by на Барысаўскім заводзе медпрэпаратаў, канфіскаваныя ампулы на завод яшчэ не вярнулі, таму пацверджанняў выстаўленых прэтэнзіяў таксама пакуль няма. Архіўныя ўзоры прадукцыі той серыі адпавядаюць патрабаванням.