Мітрапаліт Павел: былі спробы прапанаваць ці абвясціць аўтакефалію БПЦ

Мітрапаліт Павел: былі спробы прапанаваць ці абвясціць аўтакефалію БПЦ

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усёй Беларусі Павел у эфіры тэлеканала СТБ згадаў пра аўтакефалію. Ён служыць у нашай краіне ўжо шэсць гадоў, быў прысланы з Расіі. Яго папярэднік мітрапаліт Філарэт пайшоў на пенсію.  

"Былі спробы прапанаваць ці абвясціць аўтакефалію Беларускай Праваслаўнай Царквы ці нейкую аўтаномію", — кажа мітрапаліт Павел, але не ўдакладняе, калі яны былі і хто за імі стаяў. Верагодна гаворка ідзе пра падзеі ў снежні 2014-га, калі на агульным сходзе епархій Мінскай мітраполіі было заяўлена пра жаданне Беларускай Праваслаўнай Царквы атрымаць самакіраванне. Гэта адбылося ўпершыню за час існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Пазней мітрапаліт заявіў, што насамрэч на сходзе было абмеркаванне гэтага пытання, і яго "трэба на няпэўны час закрыць". Ён лічыць, што наступны раз яго можна будзе ўзняць праз "25-50 гадоў". Цяпер жа мітрапаліт Павел пацвердзіў, што "сёння ў Беларусі няма неабходнасці... рабіць... нейкія пераўтварэнні, адміністратыўныя, тым больш, пераўтварэнні ў кананічным праве". "Дайце нам жыць у міры і згодзе", — кажа ён.

Самакіраванне дало б магчымасць БПЦ самастойна выбіраць кіраўніка Царквы і вырашаць большасць пытанняў без дазволу Сіноду ў Маскве. Гэта азначала б, што наступным кіраўніком БПЦ нарэшце мог бы стаць беларус. У згаданым інтэрв'ю мітрапаліт Павел наракае, што беларускае заканадаўства не дазваляе прызначаць на пасады ў БПЦ замежнікаў і гэта нібыта абмяжоўвае яе магчымасці. Ён спадзяецца, што гэтыя "перажыткі мінулага" ў будучыні могуць знікнуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі